«Абсалютна прыўкрасна, але...» Што не так з праграмай ураду на пяцігодку


Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 2 снежня прадставіў праграму дзейнасці ўрада да 2025 года. То, чаго не хапае ў гэтым дакуменце, а што залішне, карэспандэнт «Белсату» абмеркаваў з эканамістам Львом Львоўскім.

Леў Львоўскі.
Фота: beroc.by

У цэлым, па словах эксперта, праграма дзейнасці ўраду Беларусі правільная. «Але немагчыма гэтага дасягнуць, не вырашыўшы бягучы палітычны крызіс», – распавёў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі.

Згодна з ім, «казаць аб якім-небудзь эканамічным росце, калі не расследуюцца справы аб катаваннях, калі людзі не давяраюць судам, банкам, Нацбанку – літаральна ўсім сілам улады», не прыходзіцца.

«Калі ўлады думаюць, што яны вырашаць неяк крызіс, што ўсе – і грамадзяне Беларусі, і замежныя дзяржавы – гэта забудуць і будзе бізнэс as usual, то мне здаецца гэта занадта прыземленым успрыманнем карціны свету», – падкрэсліў эканаміст.

Прынцыпы

Праграма абяцае роўнасць усіх формаў уласнасці, неўмяшанне ў добрасумленную канкурэнцыю, сістэмнасць, комплекснасць і празрыстасць прыняцця рашэнняў. Галоўнымі мэтавымі арыенцірамі вызначаны павышэнне дабрабыту і дасягненне высокіх стандартаў жыцця насельніцтва. У аснове працы ўраду, як заяўляецца, будзе стварэнне спрыяльных умоваў для інвеставання, зніжэнне рызыкі для інвестараў і паляпшэнне бізнес-асяроддзя, развіццё канкурэнцыі.

Раман Галоўчанка падчас прэзентацыі праграмы.
Фота: government.by

«Гэта абсалютна прыўкрасна, менавіта тое, што трэба рабіць. Але дзіўна чуць гэта ад людзей, якія ўводзілі экстранае кіраванне ў «Белгазпрамбанку». Ад тых, хто пару месяцаў таму зноў пачаў займацца дырэктыўным крэдытаваннем. Ад людзей, якія кажуць, што «часам не да законаў», і палохаюць магчымай ліквідацыяй прыватных фірмаў. Бо каб прыцягваць інвестыцыі, усё заўсёды павінна быць па законе, паколькі інвестары і так бяруць на сябе эканамічныя рызыкі. Дзіўна, калі гэта кажуць людзі, якія ціснуць на прыватны бізнес, які, як ім здаецца, не падтрымлівае дзейную ўладу».

Новая эканоміка

Акрамя ўдасканалення традыцыйнай эканомікі Саўмін плануе фармаваць «новую эканоміку», дзе будуць складаць аснову інтэлектуальныя прадукты і паслугі. Для гэтага ўлады маюць намер перафарматаваць сістэму дзяржпадтрымкі інавацыйнай сферы, прадугледзець мэтавую фінансавую падтрымку праектаў па стварэнні новых прарыўных вытворчасцяў. Анансаваныя маштабныя праекты будучыні ў сферы электратранспарту, інавацыйнай аховы здароўя, фармацэўтыцы, укараненне разумных гарадоў, дакладнага земляробства.

«Сапраўды, паколькі Беларусь не сыравінная дзяржава, то адным з галоўных рэсурсаў для яе з’яўляюцца высокаадукаваныя людзі з адносна невысокім па сярэднееўрапейскіх мерках заробкам. Але гэтыя словы дрэнна вяжуцца з палітызаванымі справамі супраць ІТ-кампаній і з АМАПам, які бегае па ПВТ».

Акция солидарности возле Парка высоких технологий. Минск, 14 августа. Фото: Светлана Фар / «Белсат»

Экспарт

Плануецца нарасціць экспарт тавараў і паслуг у 2025 годзе да $ 50 млрд. За 9 месяцаў 2020 года ён склаў $ 26,3 млрд. Для падтрымкі экспарту ўлады маюць намер павялічыць даступнасць крэдытаў і страхавання. Чвэрць у валавым экспарце павінны скласці ІТ-сфера, транспартная сфера, будаўніцтва, турызм і медыцына.

«Сапраўды, наколькі-то экспарт вырасце. І ў нашых гандлёвых партнёраў – у еўрапейскіх краінаў, Расеі і Кітая – калі не зараз, то з наступнага года дакладна пачнецца аднаўленчы рост. Гэта збольшага дапаможа і нашай эканоміцы. Але не думаю, што мы зможам вырасці ў 1,5 разы за пяць гадоў».

Праблемныя дзяржпрадпрыемствы

Распрацаваныя падыходы да аздараўлення праблемных дзяржпрадпрыемстваў. Урад ранжыраваў іх па трох катэгорыях. Для першай і другой груп прадугледжаныя меры па фінансаваму аздараўленню і паляпшэнню менеджменту. Каля 400 прадпрыемстваў з трэцяй групы, якія ўстойліва неплацежаздольныя, патрэбнае перапрафіляванне, санацыя, ліквідацыя з кіраваным ператокам працоўнай сілы.

Рабочыя ААТ «Гродна Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Гродна, Беларусь. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Гэта вельмі неабходная і даўно наспелая рэформа. Хацелася б, праўда, паглядзець, які канкрэтна план у ўраду на гэты конт. Напрыклад, для паляпшэння менеджменту вельмі важна стварыць сістэму матывацыі і кантролю, і аддзяліць функцыі дзяржавы як уласніка ад дзяржавы як кантралёра. Ці гатовы на гэта ўрад у бягучым становішчы, я сумняваюся. Мы бачым, што цяпер шматлікія кадравыя рашэнні прымаюцца зыходзячы з прынцыпу вернасці таго ці іншага кіраўніка дзеючай уладзе. Не ведаю, ці атрымаецца знайсці досыць вялікую колькасць кіраўнікоў, якія будуць і вернымі, і адначасова таленавітымі кіраўнікамі.

Наагул, перад тым, як пачынаць такую вельмі патрэбную рэформу дзяржпрадпрыемстваў, неабходна разумець, што яна можа прывесці да сацыяльнага напружання. Таму яшчэ да яе пачатку трэба ўвесці сістэму сацыяльных гарантыяў. Напрыклад, годную дапамогу па беспрацоўі, сістэму перакваліфікацыі рабочых, прапанову ранняга выхаду на пенсію для работнікаў перадпенсійнага ўзросту. Таксама магчымы нейкі від дапамогі для рэлакацыі рабочых, калі ў маленькіх гарадах зачыняюцца горадаўтваральныя прадпрыемствы і іншай працы там няма, але яна ёсць у іншым горадзе».

Падтрымка сем’яў з дзецьмі

Умацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу Раман Галоўчанка назваў адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці ўраду ў сацыяльнай сферы. Развіваць падтрымку сем’яў з дзецьмі будуць за кошт удасканалення сістэмы дапамогі і адраснай сацыяльнай дапамогі. Новае развіццё атрымае праграма сямейнага капіталу, у тым ліку шляхам пашырэння напрамкаў яго выкарыстання. Паляпшэнне даступнасці жылля для шматдзетных і маладых семʼяў плануюць забяспечыць за кошт росту абʼёмаў будаўніцтва арэнднага жылля, бязвыплатнага выдзялення зямельных участкаў для будаўніцтва індывідуальнага жылля, развіцця іпатэкі, сістэмы жыллёвых будаўнічых зберажэнняў.

«Падтрымка семʼяў з дзецьмі – гэта заўсёды добра. У гэтым нічога дрэннага быць не можа. У нас і цяпер дастаткова добрая падтрымка семʼяў з дзецьмі, але ніхто не пацерпіць, калі падтрымка будзе яшчэ лепш. Важнае толькі пытанне, адкуль браць грошы. У нас эканоміка падае, бюджэт дэфіцытны і перспектываў росту мы пакуль што не бачым».

Міграцыя

Праграма ўраду прадугледжвае комплексную карэкціроўку заканадаўства аб міграцыі. Значныя намаганні будуць накіраваныя на скарачэнне адтоку насельніцтва, наданне вонкавай міграцыі зваротнага характару, перадухіленне «уцечкі мазгоў», а таксама стымуляванне прытоку ў краіну высокакваліфікаванай замежнай працоўнай сілы.

granica
Беларуская мяжа.
Фота: «Белсат»

«Гэта таксама добрая рэформа. У нас чамусьці ніколі моцна не задумваліся над праблемамі міграцыі. У прыватнасці, мігранты, якія ўжо жывуць у Беларусі, падпарадкоўваюцца даволі дзіўным законам. Напрыклад, імігранта могуць выслаць з краіны за пяць адміністрацыйных парушэнняў, у тым ліку за перавышэнне хуткасці, праезд без білета і гэтак далей. Дапусцім, у нас ёсць ІТ-шнік, які зарабляе і выдае вялікія грошы ў краіне. І так выйшла, што ён праехаў у аўтобусе без білета. Гэта, вядома, няправільна, але ці хочам мы пазбаўляцца такога спецыяліста з-за таго, што ён калісьці ездзіў без білета? Пры гэтым ён, вядома ж, заплаціў штраф, інакш бы не было адміністрацыйнага правапарушэння.

Неабходна ствараць пазітыўны вобраз Беларусі для імігрантаў. Вобраз стабільнай краіны, у якой добра і спакойна жыць і гадаваць дзяцей. Патрэбная праца з дыяспарай, паколькі значна лягчэй прыцягнуць людзей, якія ўжо лічаць сябе беларусамі. Ці хаця б наладзіць сувязі з бізнесменамі з дыяспары за мяжой.

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат


Так што, ідэя вельмі добрая. Але пытанне ў тым, як яна вяжыцца з апошнімі заявамі і дзеяннямі ўладаў. Як гэта вяжыцца з тым, што нам не патрэбныя лекары-здраднікі, якія з’ехалі ў Польшчу за «доўгім рублём». Як гэта звязана са студэнтамі, якія зʼехалі ў замежныя ВНУ і якім Аляксандр Лукашэнка сказаў, што іх не будуць пускаць назад і не будуць прызнаваць іх дыпломы. Беларусь наагул не вельмі актыўна прызнае дыпломы іншых краін, калі ў нас заходнія дактары навук прыраўноўваюцца толькі да кандыдатаў навук.

Таксама стварэнню пазітыўнага вобразу краіны шкодзяць паведамленні аб катаваннях на Акрэсціна, аб згвалтаваннях. Яму шкодзяць арышты журналістаў, забойства людзей. І, як мне здаецца, улада зараз дрэнна спраўляецца з гэтай задачай (стварэння пазітыўнага іміджу. – Рэд. Belsat.eu)».

Пенсіі

Саўмін плануе перафарматаваць пенсійную сістэму. Для гэтага, як заяўляецца, будзе максімальна задзейнічаны механізм прыватных пенсійных зберажэнняў і карпаратыўных пенсійных праграм наймальнікаў. Прапрацоўваюцца падыходы па падтрыманні сярэдняй пенсіі па ўзросту не ніжэй за 40% ад сярэднямесячнай зарплаты па краіне.

Марш пенсіянераў у Менску. 2 лістапада.
Фота: ТК / Belsat.eu

«Пенсійную сістэму сапраўды неабходна рэфармаваць. Але не да канца зразумела, што канкрэтна меў на ўвазе ўрад. Калі гаворка не ідзе пра сапраўдную рэформу з пераключэннем сістэмы ад салідарнай пенсіі на назапашвальную, то тады гэта даволі дзіўна чуць. Магчыма, гаворка можа ісці аб тым, каб прымусіць людзей, акрамя ўжо дзеючых адлічэнняў 35% ад нашых заробкаў у ФСАН, пераводзіць яшчэ зверху назапашвальную частку пенсіі. І прапанова абкласці людзей дадатковым падаткам – гэта дрэнная ідэя. Наш бізнес і так не вельмі канкурэнтаздольны з-за вялікіх падаткаў. Плаціць яшчэ больш мы не можам. Гэта прывядзе толькі да памяншэння заробкаў, падзення попыту і гэтак далей.

У Беларусі неабходная паўнавартасная пенсійная рэформа з пераходам на назапашвальную сістэму. Але ўзнікае пытанне, як яе ўвасабляць. У розных краінах яго вырашалі па-рознаму».

Марш мудрасці 30 лістапада 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

Зарплаты

Дакумент таксама прадугледжвае пераход на новыя крытэрыі ўстанаўлення мінімальнай зарплаты ў памеры не ніжэй за 30% ад прагнознага значэння сярэднямесячнай зарплаты па краіне. Паводле словаў прэм’ер-міністра, патрэбная будзе акцэнтаваная праца з арганізацыямі, у якіх узровень сярэдняй зарплаты ніжэй за сярэдне галіновае значэнне. Для бюджэтнікаў «у меру магчымасцяў» прадугледжанае паэтапнае павышэнне памеру базавай стаўкі. У рэальным сектары абяцаны прынцып зарабляння грошай праз павышэнне прадукцыйнасці працы. Акцэнт будзе зроблены на стымуляванні работнікаў за высокаэфектыўную працу, на ўдасканаленні сістэмы матывацыі кіроўнага персаналу.

«Вы не ўбачыце ні ў адной развітай і багатай краіне такога, што ўрад плануе павышаць заробкі людзей. Заробкі павышаюцца, калі расце эканоміка і расце прадукцыйнасць працы. Калі падвышаць заробкі без гэтых умоваў, то пачынаецца паскораная інфляцыя. Як ужо адбывалася ў нас у краіне некалькі разоў. Спадзяюся, што гэтыя словы пра павышэнне заробкаў не азначалі, што ўрад хоча зноў увесці практыку незабяспечанага друку грошай».

МГ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў