Абрад ваджэння Кусты на Лунінеччыне. Фотарэпартаж


Карэспандэнт Belsat.eu наведаў аўтэнтычны абрад на Берасцейшчыне.

Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы ў аграгарадку Лобча Лунінецкага раёну трапіў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Гэтак сталася не толькі з прычыны аўтэнтычнасці і захаванасці візуальных элементаў абраду, але і праз захаванасць вялізнай колькасці куставых і траечных спеваў у вёсцы Лобча.

Цяпер абрад ладзяць жанчыны з мясцовага калектыву «Лабчанка» на чале з кіраўніцай Настассяй Якавец.

Звычайна на ролю Кусты абіраюць дзяўчыну, якая толькі заручылася і рыхтуецца да сямейнага жыцця.

Калі такой дзяўчыны няма, яе падмяняе іншая жанчына, якую іншыя ўдзельніцы абраду вядуць на край вёскі ў лес. Там яе ператвараюць у Кусту пры дапамозе кляновага лісця, бэзу і кветак. Упрыгожваюць кляновым лісцем і вокны сваіх хатаў.

Асаблівую ролю ў абрадзе адыгрывае кляновы вянок-абярэг з рознакаляровымі стужкамі, які Куста носіць цягам усяго ваджэння па вёсцы. Потым вянок здымае з яе самая паважаная ўдзельніца абраду ды  пакідае на цэлы год у чырвоным куце.

Абрад ваджэння Кусты суправаджаюць традыцыйныя спевы.

Скончыўся абрад заменаю старога кляновага вянка ў чырвоным куце на новы, а астатнія кляновыя ўпрыгожванні разабралі ўдзельнікі абраду ў якасці абярэгаў для сваіх дамоў.

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў