Аборты, пандэмія і пратэсты ў Польшчы. Што адбываецца?

Рашэнне Канстытуцыйнага суду ў чацвер прывяло да масавых пратэстаў амаль па ўсёй краіне.

У пятніцу масавыя пратэсты прайшлі ў Варшаве, Катавіцах, Вроцлаве, Кракаве, Познані і больш за 50 іншых гарадах краіны. Амаль усюды пратэстоўцы збіраліся пад сядзібамі кіроўнай партыі Закон і Справядлівасць (Prawo i Sprawiedliwość). Найбуйнейшы пратэст прайшоў у Варшаве, дзе дэманстранты, таксама як і ў чацвер вечарам, пайшлі да дому лідара PiS Яраслава Качыньскага (Jarosław Kaczyński). Там, як інфармуюць мясцовыя медыі, у паліцыю паляцелі камяні. У адказ супраць пратэстоўцаў паліцыя ўжыла пярцовы газ, дайшло да сутычак. Некалькі сотняў паліцэйскіх супрацьстаяла пратэстоўцам пад домам Качыньскага.

Пратэсты ў Польшчы супраць забароны абортаў. 23 кастрычніка 2020 г.
Фота: Julia Zabrodzka / Forum

Пратэстоўцы, сярод якіх было шмат прадстаўнікоў феміністычных і левых партыяў Польшчы, выказваліся за «свабоду выбару жанчыны» і супраць умяшання ўладаў у вельмі далікатную справу якой зʼяўляецца справа абортаў. На некаторых транспарантах з’явіўся напіс «Гэта вайна». У сваю чаргу прадстаўніца Агульнапольскай Забастоўкі Жанчынаў (Ogólnopolski Strajk Kobiet) Марта Лэмпарт (Marta Lempart) ў пятніцу ноччу каля дому Качыньскага заявіла, што ў панядзелак адбудзецца вялікая акцыя пратэсту з «блакаваннем вуліц і паркаў».

Пратэсты амаль па ўсёй краіне выклікала рашэнне Канстытуцыйнага суду (Trybunał Konstytucyjny), які ў чацвер вырашыў, што перарыванне цяжарнасці ў сувязі з «цяжкой хваробай плоду, якая пагражае яго жыццю, а таксама вялікай рызыкай калецтва» зʼяўляецца «нязгодным з Канстытуцыяй». А гэта азначае, што аборты ў Польшчы амаль цалкам будуць забароненыя. Будуць адбывацца толькі ў выпадку пагрозы жыццю жанчыны і ў выпадках калі цяжарнасць была вынікам гвалту. Але такіх абортаў у мінулым годзе ў Польшчы было толькі 33, а рэшта з 1100 праведзеных легальна (бо робяць жа і нелегальна) гэта менавіта выпадкі «цяжкой хваробы плода». Атрымліваецца больш за 90 адсоткаў абортаў у Польшчы праводзілася паводле закону, які Канстытуцыйны суд у чацвер прызнаў неканстытуцыйным.

Пратэсты ў Польшчы супраць забароны абортаў. 23 кастрычніка 2020 г.
Фота: Michal Dyjuk / Forum

Справа падзяліла польскія эліты і публіцыстаў, выклікала хвалю крытыкі супраць кансерватыўных уладаў, якой даўно ў апошніх гадах не было. Усё менавіта таму, што ў аборты ў выпадку «цяжкой хваробы плоду» былі адным з нямногіх кампрамісаў, да якога польскае грамадства дайшло ўжо ў свабоднай, некамуністычнай Польшчы. Нікога не змушалі да гераізму, калі бацькі не хацелі нараджаць, напрыклад, у выпадку калецтва плоду, не нараджалі. Але ж калі на справу глядзець выключна праз прызму закону, то польская Канстытуцыя гарантуе права на жыццё кожнаму, а плод гэта ўжо чалавек. Вось тут і быў кампраміс.

Пратэсты ў Польшчы супраць забароны абортаў. 23 кастрычніка 2020 г.
Фота: Julia Zabrodzka / Forum

Для параўнання ў Беларусі (легальна можна зрабіць аборт да 12 тыдняў цяжарнасці) у 2018 годзе было праведзена больш за 23 тысячы абортаў. Праводзяцца «тыдні без абортаў», а паводле нядаўніх паправак у законе, лекар можа адмовіцца рабіць аборт, калі цяжарнасць не пагражае здароўю ці жыццю жанчыны.

Вяртаючыся ж да Польшчы цікава, што да выбуху пратэстаў дайшло ў самы пік другой хвалі пандэміі. Ад суботы ўся Польшча ў так званай «чырвонай зоне». Маскі абавязковыя па ўсёй краіне (толькі ў хаце можна хадзіць без маскі), больш за 5 асобаў не могуць збірацца ў публічных месцах, не працуюць школы і ўніверсітэты (усё онлайн), не працуюць кавярні, бары і рэстараны (толькі дастаўка). У пятніцу ўлады Польшчы інфармавалі пра больш за 13 тыс. новых захворванняў, чарговыя 153 асобы памерлі.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў