«Абавязкова напішу мемуары». Палітвязні Кабанаў і Пятрухін дасылаюць лісты на волю


Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін і і блогер з Бярозы Аляксандр Кабанаў, затрыманыя ў чэрвені паводле шэрагу абвінавачванняў, напісалі лісты на волю з менскага СІЗА № 1.

Змест лістоў цытуе «Брестская газета».

Актывіст Дзмітрый Андрасюк па просьбе выдання паказаў лісты ад Кабанава і Пятрухіна, якія атрымаў у адказ на свае паштоўкі. Абодва пішуць, што ў іх усё нармальна, наколькі гэта можа быць у сітуацыі, якая склалася.

«Чытаю кнігі запоем. Абавязкова напішу пра гэта мемуары. Ўсім прывітанне. Я ў парадку, чаго і ўсім жадаю », – гаворыцца ў кароткім лісце Сяргея Пятрухіна.

«У нас усё норм, як у турме. Настрой нармальны, не журуся. Нам з Сярогай яшчэ адзін артыкул прад’явілі, 369. Кагосьці там абразілі. За нас асабліва перажываць не трэба, я асабіста быў гатовы да любога развіцця падзей. Шкада толькі, што не ведаю, што там адбываецца на волі. Усім акумулятаршчыкам (праціўнікам заводу АКБ – belsat.eu) вялікае прывітанне!!!» – піша Кабанаў.

30 ліпеня ў Аляксандра Кабанава дзень нараджэння. Адправіць віншаванне блогеру можна па адрасе 220 030, Менск, вуліца Валадарскага, 2, СІЗА-1, Кабанаву Аляксандру Аляксандравічу. На гэты ж адрас можна напісаць ліст і Сяргею Сяргеевічу Пятрухіну.

Сяргею Пятрухіну выстаўленае абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады), арт. 369 КК РБ (Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і арт. 391 КК РБ (Абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем iм правасуддзя). Гэтыя ж артыкулы інкрымінуюць і Аляксандру Кабанава.

Праваабаронцы прызналі зняволенне блогераў палітычна матываваным і запатрабавалі іхнага неадкладнага вызвалення.

Hавiны
Распачатыя крымінальныя справы на блогераў Пятрухіна і Цыгановіча
2020.06.26 10:03

КА belsat.eu

Стужка навінаў