Менаблвыканкам: з верагоднасцю 99% рэстарацыя ў Курапатах заўтра не адчыніцца


Актывісты і абаронцы Курапатаў прыйшлі ў Менаблвыканкам, каб перадаць уладам патрабаванні не дапусціць адкрыццё рэстарацыі каля ўрочышча Курапаты.

Пару дзён таму стала вядома, што каля месца масавых расстрэлаў у Курапатах усё ж такі адкрыецца рэстарацыя. Людзі абураныя тым, што мясцовыя ўлады дазволілі побач з могілкамі пабудаваць забаўляльную ўстанову. Як стала вядома, рэстаран пачне працаваць ад заўтра.

«Мы патрабуем ад сённяшніх уладаў, каб быў створаны музей камуністычных рэпрэсіяў акурат на базе маёмасці гэтага аб’екту. Я думаю, што гэта абсалютна справядлівыя патрабаванні, якія падтрымае беларускае грамадства», – мяркуе Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасці «Разам».

Ганна Шапуцька, Вячаслаў Сіўчык, Ніна Багінская, Вольга Мікалайчык і Зміцер Захарэвіч зайшлі ў будынак Менаблвыканкаму. Пасля яны пойдуць у Міністэрства культуры з тымі ж патрабаваннямі – не дапусціць адкрыццё забаўляльнай установы.

Прадстаўніца Менаблвыканкаму сказала абаронцам, што прыняць іх асабіста сёння не зможа, бо такія прыёмы ладзяцца раз на квартал. Пры гэтым адзначыла, што тэма мае моцны рэзананс. Актывісты пакінулі пісьмовую заяву, сустрэча адбудзецца пазней.

Ганна Шапуцька. Фота: Ірына Арахоўская

Вольга Мікалайчык сказала, што цяпер яны ідуць у Міністэрства гандлю, каб даведацца пра дакладны час адкрыцця рэстарацыі. Пасля яны наведаюць Міністэрства культуры.

Зварот да міністра культуры. Фота: Ірына Арахоўская

Намесніца начальніка Упраўлення гандлю і паслугаў Менаблвыканкаму Івановіч Ірына распавяла, што адбылася сустрэча ўладаў з інвестарам і ўласнікам рэстарацыі. Таксама яна паведаміла, што з «з верагоднасцю 99%» адкрыцця 1 чэрвеня не будзе.

Нягледзячы на гэта, план дзеянняў актывістаў застаецца ранейшы.

«Мэта абароны не перанесці адкрыццё, а ўвогуле адмяніць», – сказала Вольга Мікалайчык.

Вядома, што сёння ад 8 гадзіны вечара і да раніцы актывістка Вольга Нікалайчык будзе дзяжурыць каля «Крыжа пакуты». Заўтра аб 11:00 каля будынку рэстарацыі распачнецца акцыя пратэсту і агульная мабілізацыя абаронцаў Курапатаў

3 чэрвеня а 13 гадзіне ва ўрочышчы адбудзецца дазволены ўладамі мітынг КХП БНФ з нагоды 30-годдзя адкрыцця Курапатаў.

Чытайце таксама:

Пляскі на костках. Рэстарацыя на месцы масавых растрэлаў адкрыецца ўжо ў пятніцу

Глядзі таксама
Каментары