У Беларусі сустрэлі Божае Нараджэнне арыштамі, допытамі ды ператрусамі


Сёння, калі каталікі адзначаюць свята Божага Нараджэння, праваахоўныя органы працягваюць праводзіць допыты, ператрусы і затрыманні дэмакратычных актывістаў.

Цяпер ператрусы ідуць у Менску ў кватэры праваабаронцы Алега Воўчака, бацькі Ірыны Халіп кінадраматурга Уладзіміра Халіпа, дэмакратычнага актывіста Вячаслава Сіўчыка і актывісткі “Маладога фронту” Насты Палажанкі. У Салігорску прадстаўнікі менскага КДБ прыйшлі на кватэру сябра Партыі БНФ Паўла Батуева, у Маладзечне ў кватэры ды офісе праваабаронцы Аляксея Капуцкага.

Раніцаю ў Менску працаўнікі КДБ затрымалі актывістаў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Валерыя Ухналёва і Анатоля Лашкевіча. З чыгуначнага вакзалу іх адвезлі на допыт у КДБ. Як паведаміў Валер Ухналёў, яны праходзяць сведкамі ў справе аб масавых закалотах у Менску 19 снежня. Сёння ж на допыт выклікалі лідара “Справядлівага свету” Сяргея Калякіна, які падчас выбараў быў адным з каардынатараў кампаніі “За справядлівыя выбары”, што ладзіла незалежнае назіранне на ўчастках.

Дзе цяпер яшчэ адзін фігурант справы аб падзеях 19 снежня – экс-кандыдат на прэзідэнта Дзмітрый Вус, – пакуль невядома. Паводле непацверджаных звестак, Дзмітрыя Вуса забралі ў следчы ізалятар КДБ.

У справе аб масавых закалотах на сённяшні дзень падазраванымі праходзяць ужо 23 чалавекі. Але праваабаронцы не выключаюць, што гэты спіс можа папоўніцца.

belsat.eu

Стужка навінаў