Калякін: Рукамі акруговых камісіяў чысціцца палітычнае поле


Чалец ЦВК з правам дарадчага голасу ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін на паседжанні Цэнтральнай камісіі абвінаваціў яе ў перадузятасці.

Паводле Калякіна, пры дапамозе «бюракратычнай казуістыкі» акруговыя камісіі расчышчаюць палітычнае поле і не дапускаюць «не пажаданых уладзе асобаў да ўдзелу ў выбарчай кампаніі».

Гэтую заяву ён зрабіў падчас разгляду скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты моладзевага актывіста Артура Фінькевіча, які балатаваўся па Свіслацкай выбарчай акрузе № 94.

ЦВК пагадзілася з высновамі акруговай камісіі пра тое, што ў падпісных лістах Фінькевіча выяўленыя несапраўдныя подпісы, колькасці якіх дастаткова для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

На думку яшчэ аднаго чальца Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Карнеенкі, «акруговая камісія ў гэтым выпадку паступіла нядобрасумленна, у прыватнасці, не спрыяла вылучэнню прэтэндэнта ў якасці кандыдата ў дэпутаты».

«Акрамя таго, неабходна ўлічыць меркаванне эксперта-крыміналіста, пададзенае Фінькевічам, які ставіць пад сумнеў высновы камісіі аб несапраўднасці подпісаў. А сумневы трэба тлумачыць на карысць прэтэндэнта, а не супраць яго», – падкрэсліў Карнеенка.

belsat.eu

Стужка навінаў