Комік стаўся кандыдатам, а доктара Хадоркіна - не пусцілі


Цэнтральная выбарчая камісія перагледзела скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

ЦВК задаволіла скаргу і зарэгістравала кандыдатам вядомага актора-гумарыста і коміка Яўгена Крыжаноўскага. Артыст балатуецца па Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе № 99, ён намеснік старшыні і кіраўнік па агітацыі ды прапагандзе Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Акруговая камісія раней адмовіла Крыжаноўскаму ў рэгістрацыі ў звязку з тым, што той не падаў у дэкларацыі даход ад продажу аўтамабіля. Аднак Крыжаноўскі растлумачыў, што гэтую машыну ён здаў у залік пры куплі новай.

30 жніўня Цэнтральная выбарчая камісія не задаволіла скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў лекара-псіхатэрапеўта Аляксея Хадоркіна, які вылучаўся па Грушаўскай выбарчай акрузе № 97.

Паводле прадстаўніка ЦВК, доктару адмовілі ў рэгістрацыі, бо знайшлі памылкі ў падпісных лістах: адсутнічалі розныя звесткі выбарнікаў. Старшыня акруговай камісіі паведаміла: «[Хадоркіным] да такой ступені пачварныя лісты былі пададзеныя, што было сорамна».

«Плакаць трэба было, калі іх пабачылі. На дакладнасць подпісаў выбарнікаў мы нават не глядзелі, там і так было дастаткова памылак», – заявіла прадстаўніца ЦВК.

Сам Хадоркін на паседжанне Цэнтрвыбаркаму не прыйшоў.

belsat.eu

Стужка навінаў