Фільм «Белсату» пра ўдзельнікаў Плошчы найлепшы ў Харватыі (+інтэрв'ю з В. Ракіцкім)


Дакументальны фільм «Даволі! Да Волі…» пра ўдзельнікаў пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. уганаравалі ўзнагародаю публікі за найлепшы дакументальны фільм на кінафестывалі OFF у харвацкім горадзе Опузэн.

«Даволі! Да волі…» знялі на замову тэлеканалу «Белсат» Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла ў рамках цыклу «Невядомая Беларусь». Андрэй Куціла – дасведчаны дакументаліст маладога пакалення. Ягоныя фільмы «Днюка», «Каўчэг Заіра Азгура» ды іншыя ўдзельнічалі ў кінафестывалях і атрымалі нямала ўзнагародаў. Вячаслаў Ракіцкі хутчэй вядомы як крытык тэатру і кіно, што вядзе на «Белсаце» цыкл «Блізкая гісторыя. Іншы погляд», і як журналіст радыё «Свабода», аўтар «Адрасоў Свабоды» і «Беларускай Атлантыды». Фільм «Даволі! Да Волі…» – гэта дэбют Ракіцкага ў дакументалістыцы.

Сяргей Пеляса, рэдактар праграмнага сакратарыяту тэлеканалу “Белсат” і фільму “Даволі! Да Волі…”: Як крытык стаўся дакументалістам?

Вячаслаў Ракіцкі: Усе мае прафесіі ды заняткі заўсёды былі з кіно побач. Драматургія, літаратура, крытыка, тэле- і радыёжурналістыка – роднасныя кінадакументалістыцы віды творчасці. Дый пару дзясяткаў гадоў таму ў мяне быў досвед сцэнарнай працы ў дакументальным кіно. Працаваў я колісь і ў сцэнарнай калегіі студыі мастацкіх фільмаў “Дыялог” на кінастудыі “Беларусьфільм”. Зрэшты, гэта мой характар – спрабаваць сябе ў розных відах літаратуры і мастацтва. Надышоў час і для кіно. Мне спадабалася займацца рэжысураю – тым больш у звязцы з маладым, таленавітым Андрэем Куцілам. Нам разам цікава, творча. Повязь маладосці ды досведу, як высвятляецца, дае плён. А майму рэзкаму паходу ў рэжысуру паспрыяла сітуацыя ў краіне пасля драматычных падзеяў на Плошчы 19 снежня 2010 года. Ні я, ні Андрэй не маглі маўчаць. І сказалі сваё слова ў тэлевізійных цыклах “Сцяна”, “Краты”, дакументальных фільмах “Выбар Саннікава”, “Дарога Статкевіча”, “Даволі! Да Волі…”.

С. П.: Чаму ў Харватыі публіка так высока ацаніла беларускі фільм?

В. Р.: Не магу сказаць дакладна, я не быў на фестывалі. Магу толькі здагадвацца. Асабліва каштоўна, што ўганараванне фільму “Даволі! Да Волі…” адбылося перадусім праз галасаванне публікі. Наш фільм не столькі палітычны, колькі псіхалагічны. Яго героі прайшлі праз пакуты і шчыра пра іх распавядаюць перад камераю. У прыродзе ж людзей – спачуваць іншым. Тым больш, калі глыбінныя прычыны пакутаў зразумелыя. Харваты, як і беларусы, пабывалі ў камуністычным лагеры і добра разумеюць кошт ідэалагічнага ўціску, хлусні на дзяржаўным узроўні, пазбаўлення людзей іхных падставовых правоў. Яны, якія нядаўна перажылі крывавую вайну, ведаюць, бадай, як ніхто ў сучаснай Еўропе, і кошт гвалту.

С. П.: Узнагарода натхняе творцу?

В. Р.: Натуральна – асабліва, калі ў галіне маёй новай дзейнасці, кінадакументалістыцы, гэта першая такая высокая ўзнагарода. Як можна не натхняцца, калі цябе пачынаюць прызнаваць не толькі на радзіме, а яшчэ і далёка па-за яе межамі? Узнагарода ў Опузэне набывае для нас з Андрэем пэўную важнасць яшчэ і таму, што на гэты фестываль выбіраюцца фільмы, якія прасоўваюць новыя кірункі кіно ў Еўропе. А ўвогуле пачынаецца даволі цікавае фестывальнае жыццё нашай стужкі. Ужо быў паказ на фестывалі “Фільм дзеля міру” ў італьянскім горадзе Мэдэя. Толькі што нам паведамілі з Глазга (Шатландыя), што фільм “Даволі! Да Волі…” ўключаны ў праграму 10-га, юбілейнага, фестывалю “Document 10”. Спадзяемся на пазаконкурсны паказ фільму і ў Варшаве на фестывалі “Bulbamovie”.

С. П.: Кінадакументалістыка – гэта прыгода, выпадковасць, ці ты рыхтаваўся да яе?

В. Р.: Не лічу занятак кінадакументалістыкаю нейкай прыгодаю ці выпадковасцю. Увогуле, з майго пераканання, выпадковасцяў не бывае. Я дастаткова падрыхтаваны быў для прыходу ў кіно.

С. П.: Чаго чакаць ад Ракіцкага-дакументаліста?

В. Р.: Працы і планаў на новую працу шмат. Наш з Куцілам рэжысёрскі тандэм пакуль не збіраецца знікаць. Пасля шмат у чым дэпрэсіўнага кіно, якое мы здымалі летась, настаў час больш аптымістычнага перыяду. Мы завяршаем здымаць дакументальны цыкл “Пераемнікі”, які складаецца з 12 кароткіх фільмаў – партрэтаў маладых людзей, якія, як нам падаецца, змогуць вызначаць палітычную, грамадскую, культурную прастору ў Беларусі пасля Лукашэнкі. Прэм’ера мае адбыцца на “Белсаце” ўжо ў верасні. Выношваем планы і двух новых дакументальных фільмаў. Пакуль магу толькі сказаць, што яны перадусім будуць пра беларускіх жанчын і пра каханне.

Пра фільм

Фільм «Даволі! Да Волі…» – гэта гісторыі беларусаў, якім надакучыла жыць у хлусні. Яны выйшлі на шлях да волі ды трапілі за краты, страцілі працу, перанеслі катаванні.

Зняважаныя нахабна скрадзенымі ў іх галасамі на выбарах прэзідэнта, дзясяткі тысяч беларусаў 19 снежня 2010 г. рушылі па цэнтральным праспекце сталіцы мірнаю дэманстрацыяй пратэсту. Яны, каму надакучыла жыць у хлусні, думалі, што ідуць да Волі. Аднак на Плошчы іх сустрэла сцяна амапаўцаў з дручкамі, шчытамі, аўтазакамі.

Драматычныя падзеі снежня 2010 г., следчая, судовая і турэмная сістэмы паказваюцца ў фільме «Даволі! Да Волі…» вачыма ўдзельнікаў таго мірнага пратэсту, якія прайшлі праз пекла турмаў. Людзі страцілі працу, вучобу, перанеслі жорсткія фізічныя і маральныя катаванні.

Новая сустрэча з імі адбылася праз год пасля тых драматычных падзеяў. І сёння героі фільму працягваюць асэнсоўваць той свой паход да Волі. Кожны мае ва ўяўленні свой вобраз сучаснай Беларусі.

Паглядзець фільм.

Стужка навінаў