Музычнае ачышчэнне. Агляд падзеяў культуры


Ужо традыцыйна ў выходныя сталічная вуліца Карла Маркса парадавала мінакоў культурным адпачынкам. Да супольных спеваў кавэр-версіяў гітоў альтэрнатыўнай музыкі запрасіў гурт «CityZen».

РУСЯ, ГУРТ «CITYZEN»:
«Кажуць, што харавыя спевы ачышчаюць душу і гарлавую чакру – і не хочацца больш лаяцца бруднымі словамі, і не хочацца ў галаве насіць брудныя, дрэнныя думкі».

Сваёй назваю «CityZen» апелююць і да перакладу гэтага слова з англійскай, што сугучна слову «грамадзянін», і да значэння «гарадскі дзэн», які і спрабуюць перадаць сваёй музыкаю. Пачуць у апрацаванні «CityZen» гэтым разам можна было кавэры «Massive Attack», Bonobo, Bajka ды Lukke Lye. І хоць да харавога выканання гледачы аказаліся не зусім падрыхтаваныя, імпрэза ўсё роўна атрымала самыя пазітыўныя водгукі.

НАВЕДНІК ІМПРЭЗЫ:
«Я вельмі ўсцешаны, што ў Менску ёсць такая пляцоўка. Я бачыў такога шмат у розных гарадах: у Вільні, у Варшаве, у Расеі. У Менску гэта ўпершыню, дзе адбываецца такая нейкая нефармальная тусоўка, дзе людзі збіраюцца, і менты нас не разганяюць – гэта вельмі прыемна».

Дадалі вечарыне каларыту, безумоўна, і вулічныя артысты: мімы, выступоўцы на хадулях і факіры. Апошнія, дарэчы, сабралі на фаер-шоу не меншую публіку, чымся музыкі.

Іншыя тэмы: кінарэжысёр і прадзюсар Тоні Скот скончыў жыццё самагубствам. Мусульмане ўсяго свету адзначаюць Ід уль-Фітр.

Стужка навінаў