Найпрыгажэйшая дзяўчына планеты – з Кітаю


Прадстаўніца Беларусі не прайшла ў фінал «Міс свету – 2012».

Вечарам 18 жніўня журы конкурсу прыгажосці «Міс свету – 2012» вызначыла самую прыгожую прадстаўніцу планеты – ёю зрабілася 23-гадовая прадстаўніца Кітаю Юй Ўэнь Ся (Yu Wenxia). Сёлетні конкурс прыгажосці праходзіў ужо 62-і раз і адбыўся ў кітайскім горадзе Ордус на ўскрайку пустыні Гобі. У конкурсе ўдзельнічалі 116 каралеўнаў прыгажосці з розных краінаў, якія правялі ў Кітаі амаль месяц: яны асвойвалі традыцыйныя рамёствы, вучыліся насіць мясцовае адзенне і гатаваць традыцыйныя для качэўнікаў стравы.

Беларусь на конкурсе «Міс свету» прадстаўляла 20-гадовая Юлія Скалковіч, пераможца Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь – 2012». Аднак у топ-30 удзельніц конкурсу, якія ў выніку прэтэндавалі на галоўны прыз, беларуска не ўвайшла.

Удзельніцы конкурсу ацэньваліся па выніках актыўнасці ў межах імпрэзаў «Міс свету» і на падставе гутарак з журы. У фінал прайшлі прыгажуні, якія набралі найбольшую колькасць балаў. Лідаркамі былі прадстаўніцы Мексікі ды Індыі. Кітаянка была толькі на трэцім месцы. Аднак падчас фінальнага шоу, калі дзяўчаты дэманстравалі вячэрнія ўборы і нацыянальныя касцюмы, Юй Ўэнь Ся здолела абысці сваіх канкурэнтак па балах. {movie}Конкурс прыгажосці “Міс свету – 2012″|right|5926{/movie}

Першаю віцэ-міс конкурсу зрабілася 19-гадовая Софі Моўлдс (Sophie Moulds) з Ўэльсу, другою віцэ-міс – 23-гадовая Джэсіка Кагаўаці (Jessica Kahawaty) з Аўстраліі.

Юй Ўэнь Ся займаецца музыкай і плануе зрабіцца настаўніцай музыкі. Яна любіць падарожнічаць, спяваць, танцаваць ды граць на фартэпіяна. Дзяўчына апісвае сябе як чалавека, што імкнецца да сваёй мары. Яе любімая ежа – пельмені.

«Калі я была малая, я пачувалася шчасліваю таму, што шмат якія людзі дапамагалі мне. Спадзяюся, што ў будучыні я змагу дапамагаць дзецям пачувацца шчаслівымі», – сказала пераможца пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу.

Чэмпіёнкаю ў колькасці атрыманых тытулаў «Міс свету» ёсць Венесуэла, прадстаўніцы якой заваёўвалі гэтую ўзнагароду шэсць разоў. На другім месцы – Індыя ды Вялікая Брытанія, на рахунку якіх па пяць перамогаў. Ніводная нарадзінка Беларусі пакуль не заваявала тытулу «Міс свету».

belsat.eu

Стужка навінаў