Чыноўнікі пераконваюць: Яшчэ крыху адкідаў у паветры не зашкодзяць


У Светлагорску 17 жніўня адбыліся грамадскія слуханні наконт будаўніцтва новага заводу беленай цэлюлозы.

Меркавалася закрануць на слуханнях пытанне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучага хімічнага гіганта. У мясцовы Дом культуры прыйшлі каля 600 чалавек – зала была цалкам запоўненая. Працаўнікоў мерапрыемстваў гораду сагналі ў загадным парадку. Пастараліся таксама сябры ініцыятыўнай групы, распаўсюдзіўшы 3 тыс. улётак з запрашэннем на слуханні.

Светлагорцам, аднак, не далі слова. Чарговы раз чыноўнікі ды эксперты распавялі пра запланаваны завод, пра яго эканамічныя выгоды і бяспеку. Адзінае, што дазволілі раённыя начальнікі, – задаць пісьмовыя пытанні, на якія пазней даваліся кароткія аптымістычныя адказы: усё будзе добра, не хвалюйцеся.

Жыхары гораду насцярожана ставяцца да запэўніванняў чыноўнікаў і перакананыя, што новае хімічнае прадпрыемства істотна пагоршыць і без таго кепскую экалагічную сітуацыю ў Светлагорску.{movie}Вадзім Болбас пра будаўніцтва заводу цэлюлозы|right|5925{/movie}

Пацікавіцца меркаваннямі жыхароў Светлагорску журналістам перашкаджалі міліцыянты і людзі ў цывільным. Толькі заступніцтва грамадзянаў уратавала незалежную журналістку Ларысу Шчыракову ад міліцэйскага пастарунку.

Улады не ўпершыню ігнаруюць меркаванне грамадскасці. Сябры ініцыятыўнай групы сабралі ў Светлагорску 10 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва шкоднага хімічнага гіганта, але ў адказ атрымалі ад кіраўніцтва раёну толькі адпіску.

Першыя грамадскія слуханні адбыліся ўзімку. Тады ў праходах залы стаялі мікрафоны і грамадзяне маглі задаваць пытанні. Чынавенства аргументавала, што Светлагорск і так забруджаны, таму яшчэ крыху адкідаў у паветры нічога не зменяць.

Планаваны завод беленай цэлюлозы будзе трэцім буйным хімічным прадпрыемствам у Светлагорскім раёне. Ён будзе выкідваць у атмасферу дыяксід азоту, дыяксід серы, вокіс вугляроду, серавадарод і цвёрдыя часцінкі.

belsat.eu

Стужка навінаў