У Лукашэнкі ёсць доказы сувязі "плюшавага дэсанту" з шведскай амбасадаю


Разам з гэтым кіраўнік Беларусі заяўляе, што дыпламатычны канфлікт са Швецыяй ды акцыя “Studio total” ніяк не звязаныя.

“Некаторыя звязваюць гэтую праблему не то з плюшавымі мядзведзямі, не тое са сланамі. Але гэта абсалютна розныя рэчы”, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь і Швецыя раней дамаўляліся абмяняцца новымі амбасадарамі, аднак шведскі бок свядома парушыў дамоўленасці, у выніку чаго і паўстаў цяперашні дыпламатычны канфлікт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што амбасадар Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі 7 гадоў, хоць звычайна тэрмін перабывання дыпламата ў краіне абмяжоўваецца трыма гадамі. Гэта значыць, Беларусь ішла насустрач просьбам шведскай боку аб працягу акрэдытацыі іхнага амбасадара, падкрэсліў ён.

“Эрыксан стаяў на чале пятай калоны”.

Каля года таму шведскаму боку заявілі пра немагчымасць далейшага падаўжэння акрэдытацыі Эрыксана з-за той дзейнасці, якой ён займаўся ў Беларусі, паведаміў Лукашэнка.

“Мы гэта бачылі. Я не кажу пра тое, што ён на чале нашай пятай калоны хадзіў, вывучаў “нашу мову і гісторыю беларускага народу” (гэтыя словы былі сказаныя па-беларуску. – belsat.eu). Дай Бог, зараз часу больш будзе. Пытанне ў тым, што ён разбураў кожны пазітыў у адносінах Швецыі ды Беларусі. Гэта было год таму. Я выслухаў і кажу: не трэба пазбаўляць яго акрэдытацыі, яму засталося працаваць менш за год, давайце патрываем”, – раскрыў таямніцы двухбаковых адносінаў Лукашэнка.

Інцыдэнт з палётам над Беларуссю шведскага самалёта – “гэта іншая тэма”, падкрэсліў кіраўнік РБ. “І гэтая тэма патрабуе адказу паводле міжнародных стандартаў ад Швецыі і Літвы, чым мы сёння і займаемся. І калі гэтых адказаў згодна з міжнароднымі нормамі не будзе, мы знойдзем адэкватны адказ на плюшавыя справы”, – прыгразіў Лукашэнка.

“І хай моляць Бога, што нашыя “памяркоўныя” беларусы пашкадавалі гэтых летуноў, – дадаў ён. – Іх зарэгістравалі адразу над мяжою. Пашкадавалі, бачыце, фанерны самалёт, а з гэтага выйшаў скандал. Але гэта было парушэнне ўсіх дамоўленасцяў”.

Лукашэнка таксама заявіў: “Калі мы пачалі расследаваць, пасол хай не круціцца, што ён дэмакратыю ў нас абараняе, тыя, хто прыязджалі і рыхтавалі парушэнне дзяржаўнай мяжы, працавалі разам з пасольствам. У нас ёсць гэтаму доказы. Следчыя іх падалі. Таму мы яшчэ разбярэмся, якую ролю адыграла былая шведская амбасада ў гэтым інцыдэнце”, – дадаў ён.

“Літве мала не здасца”.

Кіраўнік Беларусі заклікаў Літву не сядзець “як мышы пад венікам”. “Яны нам мусяць адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэння дзяржаўнай мяжы. Каму-каму, а Літве ў гэтым плане мала не здасца”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Раней міністр абароны Літвы Раса Юкнявічыене (Rasa Juknevičienė) у інтэрв’ю літоўскай радыёстанцыі “Ziniu radijas” заявіла, што ў Літвы няма ніякіх звестак пра інцыдэнт, звязаным з “плюшавым дэсантам” у Беларусі.

“Паветраная прастора дакладна не парушалася. У Літве ўвесь час лётаюць невялікія прыватныя самалёты, яны былі і на той момант, аднак аніякіх парушэнняў не было зафіксавана. Калі будзе зварот з нагоды заканадаўчай дапамогі, то тады літоўскія ведамства разгледзяць гэтую магчымасць у межах дзейных законаў. Застаецца толькі салідарызавацца са Швецыяй. Такія паводзіны, выправаджванне дыпламатаў, не адпавядаюць ні прынцыпам добрасуседскіх дачыненняў, ні супрацы паміж краінамі”, – сказала літоўскі міністр.

belsat.eu

Стужка навінаў