"Жэст пакоры": Ігумен Мяфодзій зноў спрабаваў пацалаваць руку Пуціна


Інтэрнэт-карыстальнікі, якія пабачылі відэаролік пра візіт Пуціна ў Валаамскі манастыр, абвінавацілі праваслаўнае духавенства ў падхалімстве.

Учора, 6 жніўня, расейскі прэзідэнт удзельнічаў у выязным паседжэнні ўзначаленай ім Апякунскай рады Расейскага геаграфічнага таварыства. Абмяркоўвалі новы маштабны праект стварэння ландшафтна-рэкрэацыйнага комплексу «Расея» на тэрыторыі Маскоўскай вобласці, які ўяўляе сабою тэматычны парк з выдатнымі мясцінамі ўсіх рэгіёнаў краіны ў паменшаным выглядзе.

Паседжанне праходзіла ў Свята-Праабражэнскім Валаамскім манастыр на востраве Валаам на Ладажскім возеры. Калі Уладзімір Пуцін вітаўся з прысутнымі, ігумен Мяфодзій паспрабаваў пацалаваць ягоную руку.

Відэа выклікала шквал эмоцыяў у інтэрнэце. Газета «Аргументы и факты» змясціла каментар прэс-сакратара Валаамского манастыра Міхаіла Шышкова. Паводле яго, айцец Мяфодзій – македонец з нацыянальнасці, а «пацалунак рукі характэрны для ўсходняга праваслаўя, гэты жэст азначае пакору». Такім чынам ігумен хацеў зрабіць гэта «на знак прызнання расейскага народу народам Македоніі».

У сваю чаргу прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў РІА «Новости», што прэзідэнт ды ігумен знаёмыя 10 гадоў, і раней Мяфодзій таксама не раз спрабаваў пацалаваць руку Пуціна.

belsat.eu

Стужка навінаў