У турме Бяляцкі прачытаў, як «Советская Белоруссия» шкадуе савецкага палітвязня


Сёння ж праваабаронцы занеслі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі петыцыю, каб падтрымаць зняволенага калегу.

Петыцыя патрабуе неадкладна і безумоўна вызваліць віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага ды іншых вязняў сумлення.

Дакумент у адміністрацыю занеслі старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак і паплечніца Бяляцкага з “Вясны” Таццяна Равяка.

{movie}Таццяна Равяка пра ліст Алеся Бяляцкага і “Советскую Белоруссию”|left|5653{/movie}Учора ж Таццяна Равяка атрымала ад Бяляцкага ліст з газетнаю выразкаю. Гэта быў артыкул “Советской Белоруссии” пра чалавека, якога асудзілі на 8 гадоў за арганізацыю забароненых канцэртаў Высоцкага ў 1979 г. – тады Міжнародная ліга правоў чалавека прызнала яго палітвязнем.

4 жніўня спаўняецца год з моманту затрымання Алеся Бяляцкага. У лістападзе суд Першамайскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да 4 з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у праваабаронцы замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся на дзейнасць праваабарончага цэнтру “Вясна”. Суд не прыняў да ўвагі тое, што страты, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, былі цалкам кампенсаваныя коштам добраахвотных ахвяраванняў грамадзянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў