З Купалам у сэрцы. Беларусь святкуе юбілей класіка


5 ліпеня ў парку імя Янкі Купалы ў Менску з нагоды 130-годдзя паэта беларускія артысты і чыноўнікі ўсклалі кветкі да ягонага помніка.

У цырымоніі паўдзельнічалі намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік, міністр культуры Павел Латушка, намесніца старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы Жанна Дапкюнас, народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў.

“Калі б беларусы будавалі пантэон нацыянальнай славы, то на вяршыні гэтага алімпу стаяў бы менавіта Янка Купала – чалавек, які так марыў пра незалежнасць Беларусі, пра лепшую долю для яе, творчасць якога ёсць сімвалам і скарбам нашай нацыі”, – сказаў на цырымоніі Павел Латушка. Ён працытаваў словы Уладзіміра Караткевіча пра Купалу: “Для нас, беларусаў, ён адзін такі, ён – Купала, і гэтым усё сказана”.

У ходзе цырымоніі Дзяржаўны камерны хор Беларусі выканаў творы “Песня мая” і “Спадчына” на вершы Янкі Купалы. Таксама каля помніка прагучалі вершы беларускага паэта ў выкананні пераможцаў конкурсу чытальнікаў “З Купалам у сэрцы”.

7 ліпеня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы, славутага класіка беларускай літаратуры.

Ён прыйшоў на свет 7 ліпеня (25 чэрвеня паводле старога стылю) 1882 года. Без генія Янкі Купалы беларуская культура была б пазбаўленая адной з самых важных і ёмістых частак. Купала, які задаў пытанне “А хто там ідзе?”, які абвесціў усяму свету – “Жыве Беларусь!”, які ўсё жыццё марыў пра “пачэсны пасад” Беларусі між народамі, застаецца адным з самых вялікіх беларусаў усіх часоў. Ягоны талент паспрыяў станаўленню і развіццю беларускай нацыі, натхніўшы наш народ на тое, каб “людзьмі звацца”.

belsat.eu

Стужка навінаў