Андрэя Молчана аштрафавалі на 800 тысяч рублёў


Такое рашэнне прыняў 4 ліпеня суд Першамайскага раёну Менску.

Як паведаміў Молчан, яго прызналі вінаватым паводле арт. 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавай акцыі ці пікетавання). “Суддзя адхіліў маё хадайніцтва аб праглядзе відэазапісаў, знятых каля будынку Першамайскага РУУС. Ён узяў пад увагу толькі паказанні працаўнікоў міліцыі, якія блыталіся і не ведалі, што адказваць на пытанні. Я ж сцвярджаў, што ніякага пікету не праводзіў, нічога не пікетаваў, масавых акцыяў не арганізоўваў, а проста разгарнуў на вуліцы бел-чырвона-белы сцяг”, – сказаў Молчан.

Пры гэтым, паводле яго, суддзя нават не пайшоў у пакой для нарадаў, а адразу ж прызнаў яго вінаватым і прыгаварыў да штрафу. Молчан разам з адвакатам мае намер абскардзіць штраф у вышэйшай інстанцыі.

Як паведамлялася раней, Молчан быў затрыманы міліцыяй 19 траўня каля ўніверсаму “Першамайскі” ў Менску. На знак салідарнасці з палітвязнем Сяргеем Каваленкам ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Праз некалькі хвілінаў да актывіста пад’ехала аўта з працаўнікамі міліцыі. Пасля таго, як Молчан пацікавіўся, за што яго затрымліваюць, міліцыянт пачалі яго збіваць. Паводле інфармацыі відавочцаў, Андрэя збівалі і на вуліцы, і ў аўтамабілі – пра гэта ён паспеў сказаць па тэлефоне сваёй сястры, калі быў у міліцыі. У аддзяленні сястры Молчана паведамілі, што на затрыманага збіраюцца завесці крымінальную справу за абразу прэзідэнта і збіванне працаўніка міліцыі пры выкананні.

Першапачаткова дактары зафіксавалі ў збітага Молчана не толькі чэрапна-мазгавую траўму, але і пералом сківіцы. Аднак 23 траўня доктар сказаў актывісту, што пералом сківіцы ў яго стары. Молчан сцвярджае, што ніякага пералому сківіцы раней у яго не было. 25 траўня Молчана выпісалі з шпіталю з афіцыйным дыягназам “чэрапна-мазгавая траўма”, далей лячыцца яму прапанавалі ў паліклініцы.

belsat.eu

Стужка навінаў