9 траўня ў Горадні: «Сталін адпомсціць!»


Сапраўдныя ветэраны - апошнія з магіканаў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Свята ў Горадні, за выключэннем параду тэхнікі ды ўскладання кветак, аказалася дэцэнтралізаванае: шмат падзеяў разбілі па лакацыях і падворачках. Месца ветэранаў ІІ сусветнай амаль цалкам занялі ветэраны-афганцы ды адстаўнікі.

Каб прайсці ў цэнтр гораду 9 траўня, на плошчу Леніна ды ў парк Жылібэра, трэба абавязкова прайсці пост з міліцыянтамі ды металадэтэктарамі. Калі праходзіш – занураешся ў свет інтэрпрэтацыяў ІІ сусветнай з пілоткамі, георгіеўскімі стужкамі ды песнямі накшталт «С чего начинается Родина».

Дзень перамогі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Добрае надвор’е, выходны дзень – таму шмат моладзі, шмат сем’яў з дзецьмі ды паквольных парачак. Разам з тым, адзінкі прыходзяць з сімволікаю або з партрэтамі дзядоў-франтавікоў, раздрукаванымі ды павешанымі на драўляную планку. Мясцовая асаблівасць: некаторыя носяць партрэты вайскоўцаў у форме польскай арміі да 1939 года.

“Несмяротны полк па-гарадзенску”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

На плошчы Тызэнгаўза выстаўленая тэхніка, якую дзеці абляпляюць нібы мурашы. Сёння рух тут перакрыты. Там-сям бачныя ветэраны-афганцы ў выцвілай савецкай форме, ветэранаў ІІ сусветнай – вобмаль, амаль усе яны змясціліся ў прэзідыуме падчас урачыстага адкрыцця свята з удзелам чыноўнікаў. Некаторыя дзядулі, калі прыглядзецца да медалёў, наагул нідзе не ваявалі, наўпрост служылі ў савецкім войску.

А вось гэты дзядуля нідзе не ваяваў – наўпрост любіць медалі і Расею. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У парку Жылібэра шэраг тэматычных выставаў, напрыклад, ад Дэпартаменту аховы МУС: тут стаіць міліцыянт у шлеме з кійком. Побач – цір, прыкрыты камуфляжным брэзентам, дзе можна стрэліць ды атрымаць цацку. Пройдзеш пару крокаў і трапіш на пляцоўку афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў. Там даволі нечакана бярэ слова Уладзімір Ягорычаў, выкладчык ГрДУ, кандыдат навук і актывіст Кампартыі.

«Сёння ў нас радасны дзень – дзень перамогі, – прамаўляе Ягорычаў. – Але я маю вам сказаць: перамога яшчэ не канчатковая. Маю на ўвазе барацьбу за перамогу гістарычнай памяці. Не ўсім падабаецца нашае сённяшняе свята! Калі паўстала пытанне пра фальсіфікатараў, я, як гісторык і сын франтавікоў, не змог не адгукнуцца на выклік часу. Адная з першых кнігаў маіх – «Нешта з памяццю нашай сталася». Кніга для тых, хто не сябруе з галавою і фальсіфікуе гісторыю!»

Уладзімір Ягорычаў, глашатай гарадзенскіх камуністаў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Далей выкладчык распавядае пра тое, што подзвіг ветэранаў прыніжаны, сведкаў не засталося, а сучаснікі «ідуць на повадзе ў мяшчанства». Зрэшты, прыхільнік кампартыі яшчэ верыць у нашую моладзь, адно падкрэслівае: з ёй трэба працаваць.

«…Немцы сагналі на плошчу пяць тысячаў чалавек, – працягвае Ягорычаў. – Было гэта ў Скідалі. Паставілі партрэты Гітлера і Сталіна. Кажуць: плюйце на Сталіна – даруем жыццё. Старэйшы камсамолец Кізевіч плюнуў на Гітлера і кажа, маўляў, усіх не перавешаеце, Сталін адпомсціць! Хацелі павесіць, але абарваліся вяроўкі – іх жыўцом закапалі! Гэтае месца – святое!»

Выкладчык-камуніст рэзюмуе даволі нечакана, маўляў, славяне заўжды стаяць адзін за аднаго, пра перспектывы развіцця наперад, пра сваю чытацкую аўдыторыю і праўду пра вайну. Сярод ягоных слухачоў – сумная бландынка ў камуфляжы і савецкай вайсковай фуражцы з зорачкаю. Кнігі кандыдата навук яе сёння мала цікавіць, таму і палітінфармацыю ад спікера яна слухае паглядаючы па баках ды ў тэлефон.

Дзень перамогі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Пасля сканчэння афіцыйнай часткі ды ўскладання кветак да «вечнага агню» (тут, дарэчы, аказаўся вянок і ад амбасады РФ) пафас свята канчаткова губляецца. Людзі разыходзяцца па кавярнях ды піўных, купляюць дзецям марозіва, а сабе шашлыкі на плошчы Леніна, вайсковыя песні ўжо чутно адно з машын або рынгтонаў.

Дзень перамогі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Скончыцца гэтая шляпа, паедзем на рыбалку», – перамаўляюцца двое нашчадкаў пераможцаў у сонечных акулярах. Сапраўды, для большасці прысутных сёння наўпрост апошні з пяці афіцыйных выходных і правесці яго трэба з карысцю.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары