Ці хопіць абітурыентам месцаў у беларускіх ВНУ?


Сёлета са школаў выйшлі 65 тыс. выпускнікоў. А беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы плануюць прыняць на бюджэтныя месцы толькі палову з іх – 32 тыс. У астатніх не так шмат варыянтаў працягнуць навучанне – паступаць на платнае, ісці ў ПТВ або з’ехаць за мяжу.

Шанцы адзін з двух

На сённяшняй прэсавай канферэнцыі міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч заявіў, што ў беларускія ВНУ змогуць паступіць 91,6 тыс. студэнтаў. З іх на дзённую форму плануецца ўзяць 51,7 тыс., на завочную – 39,5 тыс. чалавек. Не меней за 11 тыс. платных месцаў зоймуць замежныя студэнты – пераважна кітайцы і туркмены.

Што да бюджэтных месцаў, то дзяржава заплаціць за навучанне 32,4 тыс. беларусаў, што на 2 тыс. меней за мінулы год.

Тэндэнцыя скарачэння бюджэтных месцаў распаўсюдзілася на некаторыя спецыяльнасці. Гэтак, вучыцца на юрыстаў возьмуць на 15% студэнтаў меней; на эканамічных факультэтах – мінус 20% месцаў, на гуманітарных – мінус 4%, на паліталогіі – удвая меней. Трохі дададуць месцаў для IT і нанаспецыялістаў.

Таму 65 тыс. учорашніх беларускіх школьнікаў мусяць зрабіць няпросты выбар – куды ісці вучыцца дый ці вучыцца далей наогул?

Скарацілі – і што?

Што стаіць за змяншэннем доступу да вышэйшай адукацыі ў Беларусі, службе інфармацыі «Белсату» распавядае эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў Святлана Мацкевіч:

«Ёсць тры прычыны: аб’ектыўна зніжаецца колькасць выпускнікоў школаў, другая прычына эканамічнага парадку, трэцяя – стратэгічная. Фінансаванне адукацыі ды наогул сацыяльна-культурнай сферы ў Беларусі зніжаецца, і паўстае пытанне, на што рабіць акцэнт у сістэме адукацыі. Вышэйшая школа цяпер перажывае крызіс, і трэба вырашаць, ці трэба захоўваць тэндэнцыю масавасці вышэйшай адукацыі. Бо такая тэндэнцыя прыводзіць да зніжэння якасці», – кажа яна.

Адмысловец заўважае, што беларускія навучальныя ўстановы даюць адукацыю, якая не адпавядае сусветным тэндэнцыям і крытэрам. Для рэформы адукацыі трэба скарачаць масавасць. Аднак нашыя чыноўнікі не маюць плану, што дакладна рабіць пасля гэтага скарачэння.

«Як далей сістэму адукацыі мадэрнізаваць якасна? На сённяшні дзень у Міністэрстве адукацыі адказу на гэтае пытанне няма, няма канцэпцыі ды дакладнай стратэгіі ў гэтай галіне», – мяркуе эксперт.

Можна было б рэфармаваць сферу спецыяльнай прафесійнай адукацыі, але тут, на меркаванне Святланы Мацкевіч, яшчэ болей праблемаў, чымся на вышэйшай ступені. У ПТВ і каледжах адбываюцца паступовая стагнацыя і скарачэнне колькасці навучэнцаў.

Куды падацца?

У Міністэрстве адукацыі мяркуюць, што тым, хто не трапіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, просты шлях у ПТВ і прафесійныя каледжы. У іх у 2012 г. плануюць прыняць 54 тыс. навучэнцаў, прычым палова з іх будзе вучыцца бясплатна. Такім чынам, дзяржава стварае больш прывабныя ўмовы паступлення ў ПТВ, адначасова закрываючы доступ да вышэйшай адукацыі. І тым самым проста змушае ўчорашніх школьнікаў ісці вучыцца на рабочыя спецыяльнасці.

Аднак заўсёды ёсць магчымасць паехаць вучыцца за мяжу, да прыкладу, у Расею, раіць Святлана Мацкевіч. Прапановаў з боку расейскіх універсітэтаў дастаткова. Да таго ж, як паведамляе прэсавая служба беларускага Міністэрства адукацыі, на платныя аддзяленні гэтых універсітэтаў беларусаў прымаюць на падставе сумоўя, а тэрмін падачы дакументаў амаль не абмежаваны.

А “Белсат” запытаўся ў менчукоў, ці варта ехаць вучыцца за мяжу?

belsat.eu

Стужка навінаў