Святара будуць судзіць за тое, што не здаў адбіткі пальцаў


Гарадзенскага святара вінавацяць у непадпарадкаванні службовым асобам. Разгляд справы мае адбыцца 12 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну.

Мікалай Гайдук, іерэй гарадзенскай царквы Адсячэння галавы Хрысціцеля Іаана адмовіўся праходзіць дактыласкапію – паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна». Як зазначаюць праваабаронцы, працаўнікі праваахоўных органаў усё больш актыўна практыкуюць абыход кватэраў грамадзянаў, якія не пажадалі з’явіцца ў аддзяленне міліцыі для праходжання дактыласкапічнай працэдуры. Ім прапаноўваюць здаць адбіткі пальцаў дома.

Пазіцыя царквы

«Закранула гэтая тэндэнцыя і праваслаўных святароў. Некаторыя з іх адмаўляюцца прайсці гэтую працэдуру, іншыя – пагаджаюцца. У самой епархіі адназначнага стаўлення да такой прымусовай дактыласкапіі няма», – паведамляе праваабарончы рэсурс.

Апынуўшыся ў такой сітуацыі, айцец Мікалай не пажадаў здаваць адбіткі пальцаў з ідэйных меркаванняў. Святар таксама не згодны з трактаваннем таго, што здарылася, у міліцэйскім пратаколе. Ён заяўляе, што ніякага супрацьдзеяння міліцыянтам не аказваў, і мае намер даказаць гэта ў судзе.

Тым часам пазіцыя Беларускай праваслаўнай царквы неадназначная. Наўпрост БПЦ не выступае супраць абавязковай дактыласкапіі, аднак у сакавіку 2012 г. сінод БПЦ зрабіў заяву «Аб практыцы выкарыстання новых сродкаў ідэнтыфікацыі грамадзянаў», у якой зазначаецца, што «сістэма апазнавання і кантролю, што ўкараняецца, не заўсёды адпавядае патрабаванням недатыкальнасці і бяспекі асабістага жыцця чалавека, аховы яго гонару і годнасці, перадухілення злачыннасці».

belsat.eu

Стужка навінаў