Для суда БТ перарабіла сюжэт пра Саннікава і Бандарэнку


Былы палітвязень, праваабаронца Андрэй Бандарэнка падаў у суд на “Белтэлерадыёкампанію” за абаразу гонару і годнасці ў сюжэце праграмы “У цэнтры ўвагі”.

Сюжэт паказалі на тэлеканале “Беларусь-1” летась 11 снежня. У ім распавялі, што Бандарэнка, у якога нібыта ёсць крымінальная мянушка Дэпутат, меў дачыненне да махлярства ў асабліва буйным памеры. Насамрэч Бандарэнку сапраўды асудзілі, але пазней цалкам апраўдалі. Вырак скасавалі праз адсутнасць складу злачынства. Пра гэта ў праграме, вядома, не згадалі.

Папярэдняе пасяджэнне ў справе абразы прайшло 7 чэрвеня ў Першамайскім судзе сталіцы. На яго прадстаўнік БТ Віталь Карплюк прынёс сюжэт, з якога… выразалі абразлівыя моманты.

“Я здзіўлены ўзроўнем адказчыка”, – заявіў “Белсату” Андрэй Бандарэнка пасля судовага пасяджэння. Паводле праваабаронцы, суд плануе выклікаць у якасці суадказніка аўтара сюжэту. Аднак апошні, як сцвярджае прадстаўнік БТ, ужо не працуе ў тэлерадыёкампаніі. Андрэй Бандарэнка зазначыў, што суд мае намер разабрацца, хто дапусціў сюжэт да паказу.

Наступнае паседжанне мае адбыцца 21 чэрвеня. На яго бакі мусяць падаць поўную версію тэлесюжэту.

belsat.eu

Стужка навінаў