Апытанне: Ці адчуваеце вы змены да лепшага?


Валавы ўнутраны прадукт вырас за чатыры месяцы амаль на 3 адсоткі, павысілася рэнтабельнасць матэрыяльнай вытворчасці, назіраецца рост экспарту тавараў і паслугаў, – пра гэта заявіў на паседжанні Савету Міністраў кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч. Ці адчулі беларусы поспехі нашай эканомікі, пра якія гавораць чыноўнікі? Пра гэта журналісты “Белсату” запыталіся мінакоў на вуліцах Менску.

“Мы шмат чаго чуем ад іх увесь час. Тое, што сітуацыя агулам паляпшаецца, – гэта відаць, вядома, але не тымі тэмпамі, як таго хацелася б, не тое, што яны ўвесь час абяцаюць”, – зазначае адзін з рэспандэнтаў. Пэўныя змены да лепшага адчувае і адна з пенсіянерак, якая адказвала на пытанні журналістаў. “Трохі адчуваю, але трохі яшчэ трэба папрацаваць, бо людзі з невялікімі заробкамі скардзяцца, што кошты растуць хутчэй за заробкі, пенсіі. А ўвогуле “бацьку” дзякуй, вядома, за ціхае і спакойнае жыццё, але трэба трошкі падціснуць”, – мяркуе жыхарка Менску.

“Я думаю, што гэта ўсё байкі: яны крэдытаў шмат узялі і цяпер ствараюць ілюзію таго, што падымаецца эканоміка, усе шчаслівыя, усе спакойныя, – мяркуе іншы рэспандэнт. – Але грошы скончацца – ізноў крызіс пачнецца, долар будзе расці”. “Усё даражэе, пенсіі падымаюць вельмі мала, заробкі таксама. А кошты кожны дзень растуць на ўсё”, – гаворыць пенсіянерка.

belsat.eu

Стужка навінаў