Мацкевіч: Лукашэнка будзе вінаваціць ЕЗ у негатоўнасці да перамоваў


Учора, 26 красавіка, у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Аляксандр Лукашэнка не толькі абяцаў пацярпелым рэгіёнам асвоіць атамную энергетыку, але і закрануў тэму беларуска-еўрапейскіх адносінаў.

«Вось калі б еўрапейцы разумелі, што санкцыі дзеюць і нас можна «нахіліць» санкцыямі, што вы думаеце, яны б адмовіліся? Ніколі. Яны б нас даціскалі, ціснулі, ставілі на калені, а пасля яшчэ і закапалі па калена ў зямлю, а можа, і глыбей», – раскрыў таямніцы геапалітыкі кіраўнік Беларусі.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, ён гатовы да перамоваў з Еўразвязам, аднак толькі ў выпадку, калі не будзе ніякіх перадумоваў для пачатку дыялогу. Сёння галоўная ўмова для пачатку перамоваў Менск–Брусель – вызваленне ўсіх палітвязняў.

Паводле палітолага Уладзіміра Мацкевіча, гэткія заявы прызначаныя адмыслова для электарату Лукашэнкі, каб патлумачыць, чаму Беларусь нібыта ідзе на некаторыя саступкі.

«Словы Лукашэнкі трэба разумець гэтак, што ён імкнецца зрабіць выгляд, быццам гатовы [да перамоваў], не выконваючы абавязкаў, каб потым абвінаваціць Еўразвяз, што гэта яны не гатовыя да перамоваў. А мяч цяпер на баку беларускага рэжыму. Калі ён не выканае гэтых перадумоваў, то ніякага дыялогу быць не можа, нягледзячы на ўсе ягоныя заявы», – кажа палітолаг.

У беларускага лідара цяпер толькі два варыянты: або паляпшэнне адносінаў з Захадам, або ўзмацненне залежнасці ад Расеі. Пакуль спробы афіцыйнага Менску знайсці сяброў, якія б яшчэ дапамаглі грашыма, плёну не прынеслі.

«18 гадоў мы чуем, што Беларусь ніхто не чакае ў Еўропе, што яна там не патрэбная. І што ёсць нейкі іншы свет, дзе Беларусь патрэбная. І за ўвесь гэты час мы не атрымалі ні тэхнічнай дапамогі, ні інвестыцыяў, ні крэдытаў ад тых краінаў, дзе Лукашэнка імкнецца шукаць дапамогі. Гэта не арабскі свет, не Венесуэла, не Іран і гэтак далей. Усе стасункі з гэтымі краінамі ў параўнанні з гандлем з Еўропаю і бліжэйшымі краінамі-суседзямі – гэта вельмі малы адсотак усіх тых знешнепалітычных і гандлёвых адносінаў Беларусі з вонкавым светам», – падкрэсліў Уладзімір Мацкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў