Апытанне: беларускае ці еўрапейскае пытанне?


Сёння, 23 красавіка, на паседжанні Рады міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу сітуацыя ў Беларусі не ішла асобнаю тэмай у парадку дня. Замест гэтага быў запланаваны «кароткі абмен меркаваннямі» наконт шэрагу краінаў, у тым ліку Аргентыны, Беларусі, Конга, Лівіі ды Сурынаму. Рада міністраў не прыняла ніякіх рашэнняў наконт нашай краіны.

«Белсат» жа звярнуўся да менчукоў па «кароткія меркаванні» пра еўрапейска-беларускі дыпламатычны канфлікт.

«Я лічу, што не маюць права яны судзіць, як мы тут жывем. Гэта самае галоўнае. Я лічу, што ў нас сітуацыя нармальная, нікога не абмяжоўваюць, я ўжо глыбокая пенсіянерка і лёгка магу сказаць, што мае правы не парушаюцца», – кажа пажылая жанчына.

«Як у іх нешта адбываецца, то як у ваду змыла. А як штосьці ў нас, то яны адразу тут», – кажа студэнт.

«Нашыя чыноўнікі вінаватыя, бо ўжо колькі гадоў [Еўропа] намагаецца весці дыялог, а яны ўсё па коле пускаюць. Ніякага прагрэсу не бачна», – не згаджаецца сябар папярэдняга рэспандэнта.

«Еўропа хоча захапіць беларускія нейкія каштоўныя прадпрыемствы. Ім не патрэбны Лукашэнка ва ўладзе. Яны хочуць, каб прыйшла апазіцыя ва ўладу, і будуць тады мець доступ. Еўропа неяк навязвае сваё меркаванне», – кажа мужчына.

«Я думаю, што існуюць нейкія трэція сілы, што робяць так, каб увесь час была нейкая негатыўная рэакцыя ў дачыненні нашай краіны», – кажа жанчына.

«У мяне ствараецца ўражанне, што Еўразвяз да нас неяк прадузяты… І з гэтай нагоды яны і будуюць такую палітыку», – кажа малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў