Беларус прапануе вазіць замежных турыстаў на Паўднёвы полюс


Гэтак ён мяркуе зарабіць грошы на навукова-спартовую экспедыцыю ў Антарктыду.

Старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму і скалалажання Аляксандр Гадлеўскі толькі што вярнуўся з расейскай экспедыцыі на Паўночны полюс. На ягоную думку, Беларусь валодае ўсім неабходным для арганізацыі такіх падарожжаў на полюс Паўднёвы.

“У нас ёсць парк самалётаў “Іл-76” – вялікіх грузавых машынаў з турбарэактыўнымі рухавікамі. Гэта адзіны тып самалётаў, якія могуць садзіцца ў Антарктыдзе. Ёсць фірма “Аграмашрэсурс”, якая ўжо больш як дзесяць гадоў вырабляе выдатныя ўсюдыходы, прыстасаваныя да ўмоваў Арктыкі ды Антарктыкі, якія працуюць у палярных раёнах Расеі. У нас ёсць цэлая плеяда палярнікаў, альпіністаў, якія ведаюць гэтыя тэрыторыі, гэтыя ўмовы, ёсць навуковая школа палярных доследаў”.

Наконт магчымасцяў фінансавання такога кшталту праектаў Гадлеўскі патлумачыў: “Вядома, трэба разумець, што такая экспедыцыя каштуе каля $ 2–2,5 млн; браць іх з дзяржбюджэту было б несур’ёзна. Але наш патэнцыял дазваляе, разам з навукова-спартовымі мэтамі, зарганізаваць і спартовы турызм, як гэта наладзілі расяяне ў раёне геаграфічнага Паўночнага полюсу. Мы можам даставіць у Антарктыду 100–150 турыстаў з розных рэгіёнаў планеты. Аплата імі транспартавання і арганізацыі побыту там можа стаць фінансавым складальнікам для рэалізацыі ўласнай навукова-спартовай праграмы. Гэты праект па сутнасці – дзяржразліковы, ён не прадугледжвае прыцягнення бюджэтных сродкаў”.

Паводле Гадлеўскага, ужо вядуцца перамовы паміж патэнцыйнымі партнёрамі гэтага праекту.

belsat.eu

Стужка навінаў