78-ы дзень пратэсту. Новы віток гвалту, Ціханоўская заклікала пачынаць страйк


Марш пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: Агата Квяткоўска / «Белсат»

У Беларусі падыходзіць да заканчэння 78-ы дзень паслявыбарнага пратэсту, які таксама папярэднічаў заканчэнню ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай.

25 кастрычніка быў апошнім днём, адведзеным экс-кандыдаткай на прэзідэнцтва дзейным уладам краіны. Яна патрабавала ад іх абвясціць пра сыход у адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, вызваліць усіх палітвязняў і спыніць гвалт на вуліцах. Ніводны з гэтых пунктаў не быў выкананы, а гвалт на беларускіх вуліцах паўтарыўся з новай моцай.

«Таму заўтра, 26 кастрычніка, пачнецца агульнанацыянальны страйк. Беларусы зробяць гэты крок, бо іхнае слова – закон. Закон, якога нас спрабавалі пазбавіць, але які мы абавязкова вернем. І ў гэтым нам дапаможа нашая галоўная мірная зброя – салідарнасць», – заявіла па выніках дня Святлана Ціханоўская.

Масавыя маршы

Буйныя шэсці сёння былі ў розных гарадах, перадусім – у Горадні, Віцебску, Берасці, Наваполацку, Лідзе. Меншыя акцыі адбываліся таксама ў Ляхавічах, Жабінцы, Барысаве, Наваградку, Ваўкавыску, Гомлі, Магілёве ды іншых населеных пунктах ва ўсёй краіне.

Сілавікі спрабавалі перашкодзіць людзям збірацца, затрымлівалі іх, а ў Лідзе і Полацку супраць пратэстоўцаў ужылі слезацечны газ. Сярод затрыманых у Віцебску журналісты Алесь Пілецкі, Павел Вур (былі вызваленыя), Зміцер Казакевіч (застаецца пад вартай), гісторык Алесь Краўцэвіч у Горадні, актывістка прафсаюзу РЭП у Берасці Зінаіда Міхнюк.

Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

У Менску ж раней, чым звычайна, быў адключаны інтэрнэт і заблакаваны тузін станцыяў метро на абедзвюх лініях. Усе галоўныя вуліцы ў цэнтры былі перакрытыя, бо людзі планавалі сабрацца на плошчы Свабоды. Тым не менш, людзі здолелі сабрацца і рознымі калонамі дайсці да стэлы, а адтуль па вуліцы Машэрава яны скіраваліся да Багдановіча. Колькасць удзельнікаў, паводле розных падлікаў, складала ад некалькіх дзясяткаў тысяч да 200 тыс. чалавек. Марш быў адным з самых масавых за апошні месяц-паўтара.

Брутальны разгон

Каля плошчы Бангалор калона падзялілася. Частка яе пайшла ў Зялёны Луг, а частка – па вуліцы Арлоўскай рушыла ў бок палацу Незалежнасці. Дарогу ёй перакрылі сілавікі. Тады калона развярнулася і пайшла назад. У гэты час, паводле шэрагу медыяў, пратэстоўцы здолелі прагнаць бусы сілавікоў, якія былі ззаду калоны, паводле дзяржаўных медыяў, яны пачалі закідваць бутэлькамі і камянямі Цэнтральны РУУС, які перад гэтым мірна ж прайшлі. У выніку па пратэстоўцах пачалі страляць гумавымі кулямі і закідваць іх светла-шумавымі гранатамі. Усё гэта адбывалася побач з радзільным цэнтрам «Маці і дзіця».

Начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Іван Кубракоў заявіў, што «былі прыняты меры па спыненні супрацьпраўных дзеянняў». Адзначым, што перад самым пачаткам разгону тэлеграм-канал Антона Матолькі паведаміў, што «ціхарам, якія працуюць у натоўпе паступіў загад «Выйсці з натоўпу. Зараз будзем працаваць». Пра падрыхтоўку правакацыі з боку пратэстоўцаў улады ўжо казалі каля двух тыдняў.

У выніку страляніны і выбухаў светла-шумавых гранатаў пацярпелі прынамсі некалькі чалавек. Пачаўся хапун. Сілавікі ў тым ліку ўрываліся ў кватэры і гвалтам выцягвалі адтуль людзей, якія паспелі схавацца.

Затрыманні адбыліся таксама ў Новай Баравой, куды сілавікі прыехалі зрываць плакаты.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» станам на 22:30 паведамляе пра больш як 220 затрыманых па ўсёй краіне. МУС кажа пра 120 затрыманых у Менску, сярод іх актывіст Алег Корбан, музыка Эрык Арлоў-Шымкус, былыя рэжысёры БТ ды іншыя.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў