Першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне будуць судзіць за пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй


Міліцыянты склалі дзве позвы ў дачыненні беларускага мовазнаўцы, першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне, дэпутата Вярхоўнага Савету Пятра Садоўскага. 78-гадовы Садоўскі распавёў «Белсату», што яго будуць судзіць за ўдзел у менскіх дэманстрацыях супраць інтэграцыі з Расеяй, якія прайшлі 7 і 8 снежня.

Пятра Садоўскага вінавацяць ва ўдзеле ў недазволенай акцыі.

«16 снежня прыблізна а 14.30 я атрымаў дзве позвы з міліцыі з прапановай з’явіцца ў РАУС Савецкага раёну Менску ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс паводле арт 23.34 КААП. Я мусіў зʼявіцца 16 снежня а 9.15 а таксама а 10.30. З улікам, што позва прыйшла позна, я патэлефанаваў у міліцыю і сказаў пра немагчымасць выканаць патрабаванне міліцыі. Міліцыянт мне сказаў, што ў міліцыю не трэба ісці, а чакаць позвы ў суд. Сказаў таксама, што магу ўзяць адваката», – распавёў «Белсату» Пятро Садоўскі.

Падчас акцыі супраць інтэграцыі з Расея 7 і 8 снежня ў Менску Пятро Садоўскі двойчы выступаў перад людзьмі. Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, дэпутат Вярхоўнага Савету запрапанаваў прыцягнуць кіраўніка краіны да судовай адказнасці за распальванне варожасці паміж грамадзянамі паводле моўнай прыкметы ды знявагу праз гэта і мову сваёй роднай маці.

Абноўлена
Удзельнікаў пратэстаў супраць інтэграцыі пачалі выклікаць у міліцыю
2019.12.13 18:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў