Апазіцыя заклікае вызваліць палітвязняў да Дня Волі


Пра гэта заявіў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас ад імя аргкамітэту святкавання 94-й гадавіны абвяшчэння БНР.

Колас падкрэсліў: дэмакратычныя сілы патрабуюць вызваліць і рэабілітаваць палітзняволеных ва ўсіх правах да 25 сакавіка, калі будзе адзначацца гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

“Абвяшчэнне БНР 25 сакавіка 1918 года – святы для кожнага беларуса дзень. Яго важнасць сёння не абвяргаецца ніводным сур’ёзным гісторыкам. Гэтая падзея завяршыла доўгі этап намаганняў беларускага народу, скіраваных на тое, каб пазбавіцца ад імперскай залежнасці ды жыць ва ўласнай самастойнай краіне”, – сказаў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі. Ён зазначыў, што ў аргкамітэт святкавання гадавіны БНФ увайшлі практычна ўсе дэмакратычныя партыі ды рухі краіны.

Пасля вызвалення палітвязняў апазіцыя прапаноўвае ўладам распачаць перамовы з прадстаўнікамі ўсіх палітычных партыяў і рухаў аб правядзенні свабодных выбараў прэзідэнта і парламенту. Пачаць гэты працэс прапаноўваецца падчас круглага стала, прысвечанага гадавіне БНР.

Сёння аргкамітэт мае намер падаць у Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 сакавіка шэсця і мітынгу з колькасцю ўдзельнікаў да тысячы чалавек. Арганізатары просяць улады санкцыянаваць шэсце з 13.30 да 14.30 па маршруце: плошча каля будынку прэзідыуму Нацыянальнай Акадэміі навук – парк Дружбы народаў (плошча Бангалор). Мітынг плануецца правесці з 14.30 да 17.00.

belsat.eu

Стужка навінаў