У Баранавічах не далі памяшкання для ўсебеларускай дыктоўкі


Сябры Таварыства беларускай мовы прасілі ўлады выдзеліць памяшканне ў адной з гарадскіх бібліятэкаў.

Арганізацыя планавала правесці дыктоўку 16 сакавіка, паведамляе “Intex-Press”. Аддзел культуры Баранавіцкага гарвыканкаму адмовіўся даць сябрам ТБМ памяшканне. У адказе пазначана, што “памяшканне бібліятэкі прызначанае для бібліятэчнага абслугоўвання і правядзення імпрэзаў, запланаваных адміністрацыяй Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы”. У планах масавай працы ЦБС беларуская дыктоўка не прадугледжаная, паведамляе аддзел культуры.

Паводле старшыні Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы Віктара Сырыцы, летась памяшкання таксама не далі: “У горадзе дзясяткі бібліятэкаў, а для нас не знайшлося ніводнай. Мы плацім падаткі, на якія ўтрымліваюцца бібліятэкі, але не можам скарыстацца імі на карысць роднай мовы”.

Старшыня Баранавіцкай рады ТБМ збіраецца абскарджваць рашэнне выканкаму ў пракуратуры.

belsat.eu

Стужка навінаў