Выдаткі на адукацыю, ахову здароўя і культуру «аптымізуюць»?


На пасяджэнні калегіі Міністэрства фінансаў кіраўнік ведамства Андрэй Харкавец заявіў, што фінансаванне бюджэтнай сферы патрабуе неадкладных рэформаў. «Павышэнне аддачы бюджэтных выдаткаў бачыцца ў змяненні механізмаў фінансавання бюджэтных арганізацыяў, пошуку аптымальных інструментаў павышэння зацікаўленасці ў скарачэнні выдаткаў у гэтых арганізацыях, аптымізацыі іх сеткі», – заявіў міністр.

Такая рэформа, на ягоную думку, мае рэалізоўвацца на трох асноўных кірунках. Першы з іх прадугледжвае пераход ад фінансавання выдаткаў бюджэтных арганізацыяў да бюджэтавання, арыентаванага на вынік. «У бюджэтную галіну будуць прыўнесеныя элементы рыначнай канкурэнцыі за кожны бюджэтны рубель. Бюджэт аплаціць канкрэтную паслугу, аказаную арганізацыяй, замест фінансавання яе зместу», – падкрэсліў Андрэй Харкавец.

Другі кірунак абумоўлены тым, што такі пераход не магчымы без змянення арганізацыйна-прававых формаў бюджэтных арганізацыяў. «Для гэтага неабходна правесці інвентарызацыю, вызначыць тыя з іх, якія будуць фінансавацца выключна з бюджэту, і тыя, фінансаванне якіх магчымае з розных крыніцаў: ці то бюджэт, ці то ўласныя рэсурсы, ці то прыцягнутыя сродкі», – сказаў міністр.

Трэці кірунак прадугледжвае адмову ад стандартнага кантролю каштарысу бюджэтных арганізацыяў і пераход на прынцыпы аўдыту эфектыўнасці. «Мы мусім ацэньваць не тое, на што патрачаныя бюджэтныя сродкі, а вынік, які дасягнуты арганізацыяй або цэлаю галіною сацыяльнай сферы пры выкарыстанні дзяржаўных сродкаў», – мяркуе Харкавец.

Паводле яго, у бюджэце краіны традыцыйна асноўная частка сродкаў накіроўваецца на фінансаванне бюджэтнага сектару. «Сацыяльны складнік гэтых выдаткаў перавышае 50 %, – заявіў чыноўнік. – Таму Міністэрства фінансаў вялікую ўвагу надае эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў у прыярытэтных галінах сацыяльнай сферы: ахове здароўя, адукацыі, навуцы і культуры. Разам з тым магчымасці бюджэту ў фінансаванні бюджэтных арганізацыяў зніжаюцца».

belsat.eu

Стужка навінаў