За продаж кацяняці – 130–530 тысячаў падатку


Ахвочыя прадаць маленькага гадаванца мусяць улічыць змены ў Падатковым кодэксе. Ужо на працягу месяца фізічныя асобы, якія збіраюцца выставіць на продаж кацяня, вымушаныя будуць заплаціць адзіны падатак.

Рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка пры ажыццяўленні такой дзейнасці не патрабуецца.

Згодна з новым Падатковым кодэксам, чалавек, які прадае кацянятаў ці шчанюкоў, мусіць звярнуцца ў падатковы орган паводле месца жыхарства з заяваю пра ажыццяўленне такой дзейнасці ды сплаціць адзіны падатак. Для фізічных асобаў стаўка адзінага падатку складае 130 000 – 530 000 руб. Калі падатковыя органы выкрыюць незаконныя куплю-продаж, аматараў жывёлы чакае штраф.

У Міністэрстве падаткаў і збораў падкрэслілі, што змяненні закранаюць толькі тых, хто прадае жывёлінаў стала. Аднак незразумела, як падатковыя органы будуць высвятляць, прадае шчанюка чалавек толькі аднойчы ці штодня ў розных пунктах гораду.

“Тое што падатак стануць выплачваць людзі, якія прафесійна займаюцца гадаваннем і продажам пароднай жывёлы – нармальная еўрапейская практыка, – адзначыла старшыня аб’яднання абароны жывёлы “Эгіда” Наталля Бялянава. – Але калі пад закон трапяць беспародныя каты і сабакі, то сітуацыя з бадзяжнымі жывёлінамі ў перспектыве можа пагоршыцца. Некаторыя людзі, каб знайсці жывёлінам гаспадара, прадаюць іх за сімвалічны кошт. Выплата падатку можа негатыўна адбіцца на іх жаданні дапамагаць братам нашым меншым. Калі заканадаўцы праз увядзенне закону хацелі зменшыць колькасць беспародных жывёлінаў, то, падаецца, гэта не найлепшы спосаб. Зменшыць колькасць беспародных катоў і сабакаў можа толькі накладанне забароны на іх гадаванне”.

belsat.eu

Стужка навінаў