«Падышоў целаскладам». Штраф – Br 1 млн


Уладзіслава Лобава пакаралі за вядро локшыны для БТ.

1 лютага ў Менску адбыўся разгляд адміністратыўнай справы супраць няпоўнагадовага актывіста аргкамітэту Нацыянал-бальшавіцкай партыі Уладзіслава Лобава. Яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і аштрафавалі на 1,05 млн рублёў.

Раніцаю 3 снежня 2011 г. трое маладых людзей правялі акцыю пратэсту ля будынку Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка ў Менску: яны вывернулі на ганак перад цэнтральным уваходам вядро з локшынаю і раскідалі ўлёткі. Ва ўлётках ад імя нацыянал-бальшавікоў гаварылася: «Беларускае тэлебачанне заўсёды славілася адкрыта заказнымі, палітычна ангажаванымі рэпартажамі, якія выклікалі то смех, то здзіўленне. <…> Але досыць! Ежце самі сваю локшыну, мы хочам атрымліваць праўдзівую і сумленную інфармацыю пра аб’ектыўную рэальнасці!»

Раней паводле гэтай жа справы аштрафавалі актывістаў нацыянал-бальшавіцкага руху Дзяніса Цукара і Яўгена Контуша.

Лобаў паведаміў, што не згодны з рашэннем камісіі ды хутчэй за ўсё будзе яго абскарджваць. «Апыталі мяне, сведкаў, паглядзелі відэазапіс і вырашылі, што я вінаваты. Я не лічу сябе вінаватым, бо да будынку нават не падыходзіў, быў метраў за дзесяць. Дарэчы, і сведкі казалі, што твар мой першы раз бачаць, але «целаскладам падыходжу».

Тым не менш юнак самую акцыю падтрымлівае і лічыць, што «трэба было нават два вядры локшыны вывернуць, а не адно».

Лобаву давялося забраць дакументы з Інстытуту парламентарызму і прадпрымальніцтва, дзе ён вучыўся на першым курсе. «Вучыцца не давалі, – тлумачыць ён, – на першым жа тыдні, як зрабіў [маецца на ўвазе: узяў удзел у акцыі], кадэбэшнікі прыходзілі. Вырашыў не чакаць, калі адлічаць».

belsat.eu

Стужка навінаў