Яраслаў Раманчук: Адміністрацыя Оўбамы не ставіць Беларусь у лік прыярытэтаў


Уплыў Злучаных Штатаў на хаду прэзідэнцкіх выбараў нязначны – мяркуе кандыдат на прэзідэнта Яраслаў Раманчук. “У адрозненне і ад сітуацыі, якая была ў 2001 і 2006 гг., дзе ЗША былі значна больш актыўнымі гульцамі, сёння гэтага няма. І таксама гэта частка кампрамісу, на які пайшла Амерыка”, – падкрэсліў палітык у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Паводле Яраслава Раманчука, у ЗША спадзяваліся, што на кампраміс пойдзе і афіцыйны Менск. “Былі спадзяванні на разуменне з беларускага боку і на тое, што Менск дасць шанец дэмакратычным сілам і альтэрнатыве з’явіцца. На жаль, гэтага не адбылося, – адзначае палітык, – хоць Менск атрымаў ад Вашынгтону пэўныя паслабленні. Напрыклад ЗША выступалі за выдзяленне Беларусі крэдыту ад МВФ”. Аднак, паводле Яраслава Раманчука, для Адміністрацыі Барака Оўбамы Беларусь не ёсць прыярытэтам у вонкавай палітыцы.

Пры гэтым кандыдат на прэзідэнта заявіў, што ўлады Беларусі недаацэньваюць магчымасці каардынацыі паміж ЗША, Еўропай і Расеяй. “Лукашэнка думае, што ён зноў атрымае легалізацыю з боку АБСЕ, і таму мяркуе, што не патрэбныя ніякія змены. Ён, я думаю, перабольшвае сваё значэнне і недаацэньвае тое, што можа быць у каардынацыі дзеянняў паміж амерыканцамі, Еўразвязам ды Расеяй, – кажа Яраслаў Раманчук. – Еўропа і Амерыка вельмі добра разумеюць, чым ёсць парламенцкая і прэзідэнцкая кампаніі ў нашай краіне, і чаму нельга купляцца толькі на змену дэкарацыяў”.

belsat.eu

Стужка навінаў