З Расеі ў Беларусь плывуць падробленыя грошы


Гэтаму спрыяе найперш працоўная міграцыя. Уплывае і геаграфічнае становішча: Беларусь – транзітная краіна для перамяшчэння плыні фальшывых грошай паміж Расеяй і краінамі Заходняй Еўропы, а для кур’ераў – адна з зонаў збыту.

Як паведамілі ў Галоўным упраўленні барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС, найбольшую колькасць падробак у Беларусь увезлі з Расеі (77 %), Украіны (6,7 %), Польшчы (4,4 %), Балтыі (3,6 %), іншых еўрапейскіх дзяржаваў (2,8 %), разам – з 26 краінаў.

У студзені-верасні 2011 г. у беларускай эканоміцы былі занятыя 4 653 тыс. асобаў. Каля паўмільёна беларусаў выязджалі на заробкі за мяжу. У 2010 г. працоўныя мігранты толькі афіцыйна перавялі ў Беларусь з Расеі $ 240 млн; самі ж яны прывезлі ў краіну, паводле ацэнак экспертаў, суму ў тры-чатыры разы большую.

Старэйшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю МУС Вольга Загароўская паведаміла, што фальшывыя расейскія рублі ўвозяць як беларусы, так і самі расейцы. Прычым не толькі працоўныя мігранты, але і прадпрымальнікі, якія выязджаюць па тавар, а таксама турысты і тыя, хто прыязджае наведаць знаёмых і сваякоў.

“Гэтак, у лістападзе 2011 года ў Менску затрымалі рабочага ўнітарнага прадпрыемства “Менскзеленбуд”, які ў адным з аддзяленняў банку спрабаваў сканвертаваць 59 фальшывых банкнотаў наміналам 1 тыс. расейскіх рублёў. Як высветлілася, падробкі ён атрымаў за продаж сельскагаспадарчай прадукцыі ў Маскве”, – прывяла прыклад Вольга Загароўская.

Паводле адмыслоўцаў, спрыяе абароту фальшывых грошай таксама існаванне нелегальнага рынку замежнай валюты. Летась выявілі 1 094 правапарушэнні (у 2010 г. – 230). У дачыненні “валютчыкаў” узбудзілі 55 справаў паводле арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

З агульнай колькасці зарэгістраваных летась фактаў фальшываманецтва, 47 % склалі выпадкі з доларамі ЗША, 38 % – з расейскімі рублямі, 8,7 % – з еўрамі, 6,2 % – з беларускімі рублямі.

belsat.eu

Стужка навінаў