Чым будзем дыхаць? Палова беларускіх гарадоў – без паркаў


Нормы азелянення гарадоў у Беларусі ніколі не выконваліся, кажа эксперт у пытанні біяразнастайнасці арганізацыі «Экадом» Ігар Куталоўскі.

26 студзеня ў Менску прайшоў круглы стол «Зялёныя зоны: як зберагчы «лёгкія» гораду». Яго ўдзельнікі выказвалі занепакоенасць у звязку са скарачэннем зялёных зонаў у гарадах краіны, высяканнем паркаў і дрэваў ды палемізавалі адносна здольнасці цяперашніх нормаў азелянення падтрымліваць нармальную экалогію буйных гарадоў.

Эксперт у пытанні біяразнастайнасці ГА «Экадом» Ігар Куталоўскі мяркуе, што над зялёнымі ландшафтамі краіны навісла рэальная пагроза. «За апошнія два гады ўздоўж асноўных аўтамагістраляў Беларусі, – адзначыў ён, – высеклі ахоўныя зялёныя насаджэнні, а землі проста разаралі да зрэзу дарожнага палатна. Ні з праблемаю змены клімату, ні з каштоўнасцю краіны для турызму гэта ніяк не суадносіцца».

Іншую небяспечную тэндэнцыю можна назіраць на прыкладзе з будаўніцтвам гатэлю «Пекін», гаворыць эксперт: «Калі гэты прэцэдэнт адбудзецца, то ніводзін парк, якім бы ўнікальным ён ні быў, не будзе абаронены ад знішчэння».

Ігар Куталоўскі падкрэсліў, што з 207 гарадоў Беларусі толькі 83 адпавядаюць нормам забеспячэння зялёнымі зонамі агульнага карыстання, пры гэтым 98 гарадоў наогул не маюць такіх зонаў. Дэфіцыт зялёных насаджэнняў агульнага карыстання ў гарадах краіны – больш за 4 тыс. га.

Афіцыйная статыстыка дае зусім іншую карціну – пазітыўную. За кошт чаго атрымліваюцца прыгожыя лічбы? «Рэч у тым, што горад мае яшчэ лесапаркавую зону – фактычна гэта лес, які прымыкае да гарадской мяжы або ўжо ўваходзіць у яе. Такім чынам, добраўпарадкоўваючы лес, атрымлівалі добрыя паказнікі насаджэнняў агульнага карыстання».

belsat.eu

Стужка навінаў