Беларускія банкі будуць сачыць за сваімі кліентамі


Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам на працягу першага кварталу 2012 г. распрацаваць захады, якія дазволяць атрымліваць інфармацыю пра катэгорыі ўкладчыкаў.

У “Беларусбанку” падкрэсліваюць, што такія захады не супярэчаць статуту банку і будуць рэкамендацыйныя, а не абавязковыя. Нацбанк хоча гэтак зрэалізаваць прынцып “Ведай свайго кліента” ў дачыненні ўкладчыкаў, а таксама прааналізаваць працэс прыцягнення грошай насельніцтва ў банкі.

Каментуе юрыст Святлана Шлома: “Гэтыя прычыны істотна адрозніваюцца. Прынцып “Ведай свайго кліента” шырока выкарыстоўваецца ў міжнароднай банкаўскай практыцы, ён скіраваны на барацьбу з фінансавымі махінацыямі – адмываннем грошай, фінансаваннем тэрарызму, ухіленнем ад выплаты падаткаў і г. д. У Беларусі дэпазіты адкрываюць толькі пры прад’яўленні пашпарта, таму асноўная інфармацыя пра ўкладчыка ў банках ужо ёсць. Што да другой прычыны, то сацыялагічныя даследаванні могуць выяўляць, колькі грошай беларусы пакідаюць у банку, напружваць самі банкі дзеля гэтага – недарэчна”.

На меркаванне эксперта, захады Нацбанку насамрэч тлумачацца жаданнем палегчыць працу кантрольных органаў. “Стане прасцей выяўляць, хто мае звышвысокія ўклады пры афіцыйным нізкім заробку”, – кажа суразмоўца.

Спадарыня Шлома лічыць, што гэта можа адштурхнуць кліентаў ад размяшчэння дэпазітаў у беларускіх банках. Замест гэтага яны могуць абраць замежныя банкі. Праўда, каб адкрыць замежны рахунак, афіцыйна патрабуецца дазвол Нацыянальнага банку Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў