МУС працягнула правяранне ў справе «Femen»


Дакладных тэрмінаў не называюць, але ў Міністэрстве ўнутраных справаў адзначылі, што паводле заканадаўства яно не можа доўжыцца больш за месяц.

21 снежня Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі распачало правяранне паводле факту магчымага ўчынення злачынства адносна актывістак украінскага руху “Femen” у Беларусі 19–20 снежня. Працэдура праводзіцца з ініцыятывы ведамства.

20 снежня пасля з’яўлення ў інтэрнэце інфармацыі пра тое, што актывісткі “Femen” у Ельскім раёне Гомельскай вобласці, і іхнага аповеду пра падзеі на месца выязджала следча-аператыўная група. Як паведамлялася раней, ні ад дзяўчат, ні ад амбасады Украіны ў Беларусі ніякіх пісьмовых заяваў ці зваротаў пра ўчыненне злачынства ў Ельскі РАУС не паступала.

19 снежня ў Менску тры актывісткі “Femen” Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава, агаліўшыся да пояса перад уваходам у будынак КДБ, некалькі хвілінаў трымалі плакаты з надпісамі “Freedom to political prisoners” (“Свабоду палітычным зняволеным”) і “Жыве Беларусь!”. Гэты ж лозунг, “Жыве Беларусь!”, яны скандавалі. Акцыя была прымеркаваная да гадавіны разгону апазіцыйнага мітынгу 19 снежня 2010 г., удзельнікі якога былі не згодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Сувязь з актывісткамі “Femen” была страчаная ўвечары 19 снежня. Амаль праз дзень яны з’явіліся ў Ельскім раёне. Дзяўчаты распавялі, што невядомыя мужчыны затрымалі іх у Менску. Мужчыны не назвалі сябе, адразу насунулі шапкі на вочы актывісткам і павезлі іх у невядомым кірунку. Паводле дзяўчат, іх вывезлі ў лес, дзе пагражалі ды ўсяляк здзекаваліся, прымушалі раздзявацца дагала, аблілі галовы зялёнкаю, прымушалі трымаць плакаты з фашысцкаю свастыкаю. Усё гэта здымалася на відэакамеру.

У актывістак “Femen” адразу ж пры затрыманні забралі мабільныя тэлефоны і дакументы. Як вынік, яны апынуліся за паўтара кіламетра ад украінскай мяжы, выйшлі да вёскі Бекі, дзе звярнуліся да мясцовых жыхароў. Пазней прыехала міліцыя і забрала іх у райаддзел.

Уначы 21 снежня актывісткі “Femen” былі перададзеныя ўкраінскім памежнікам у пункце пропуску “Новая Рудня”. Ніякіх дакументаў пра іхную дэпартацыю памежнікі не складалі.

belsat.eu

Стужка навінаў