Пётр Пракаповіч: Прадамо інвестарам дзяржмаёмасці на $3 млрд


Старшыня Нацбанку агучыў планы прыватызацыі на 2011 год.

“Перад намі стаіць задача налета прыцягнуць не менш як $6,4 млрд наўпроставых замежных інвестыцыяў, і гэта залежыць, у тым ліку, ад продажу дзяржаўнай маёмасці – паступленні ад яе мы плануем на ўзроўні 3 млрд долараў у наступным годзе”, – паведаміў старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч.

Ён таксама не выключыў, што налета можна будзе атрымаць грошы ад прыватызацыі двух буйных беларускіх банкаў: “Белінвестбанку” і “Парытэтбанку”. Напрыклад, наконт продажу “Белінвестбанку” перамовы ідуць ужо тры гады. “За ўвеcь гэты час мы так і не падабралі стратэгічнага інвестара для гэтага банку, але мы не спяшаемся – банк развіваецца, умацоўваецца і толькі расце ў кошце”, – перакананы старшыня Нацбанку.

Эканаміст Яраслаў Раманчук звяртае ўвагу на тое, што летась сродкі ад прыватызацыі былі мізэрныя. План акцыянавання прадпрыемстваў выканалі толькі на 15–20%.

Ён лічыць, што сёння трэба кардынальна змяняць падыходы да прыватызацыі. “Улада, калі хоча штосьці прадаць па сваіх коштах, кажа яшчэ і пра 25 інвестыцыйных умоваў. Натуральна, вар’ятаў, якія пайшлі б на іх выкананне і адчулі ўсе асаблівасці беларускай бюракратыі, сярод замежных бізнесоўцаў мала”.

Паводле Раманчука, сёння ў Беларусі прадаюць таму, хто мае сувязі на высокім узроўні. У якасці прыкладу ён прыводзіць будаўнічы бізнес, які разгарнулі ў Беларусі Юрый Лужкоў і ягоная жонка Алена Батурына.

belsat.eu

Стужка навінаў