Нацыянальная бібліятэка разгледзіць заяўку: «ШОС» на фасадзе


Галоўная бібліятэка краіны звярнулася ў Менгарвыканкам з арыгінальнаю просьбаю. Адміністрацыя просіць дазволу на тое, каб паказваць віншаванні на бягучым радку на фасадзе будынку. Вышыня рэкламнай абвесткі складзе 9 метраў.

«Рэклама на фасадзе існуе ўжо некалькі гадоў, але раней мы мелі права працаваць толькі з юрыдычнымі асобамі, – тлумачаць у аддзеле сувязяў з грамадскасцю Нацыянальнай бібліятэкі. – У нас надзвычай танныя расцэнкі. Хвіліна каштуе 25 тысяч рублёў. Размяшчэнне малюнка – усяго 20 тысяч».

Рэкламная пляцоўка насамрэч гіганцкая, агульная плошча фасаду сягае 1500 квадратных метраў. Вышыня бягучага радка складае 9 метраў – як трохпавярховы дом. Ці ўдасца замовіць гіганцкі надпіс «ШОС» на ўвесь вечар? «Кожную заяўку будзем разглядаць асобна. Калі будуць нейкія абразы або двухсэнсоўныя выразы, то не дазволім. Іначай замаўляйце хоць на тыдзень», – кажуць у бібліятэцы.

Такая паслуга, як віншаванне ў грамадскіх месцах, упершыню ўзнікла ў менскім метрапалітэне. Прыемныя словы, адрасаваныя канкрэтнаму чалавеку, паказваліся адначасова на ўсіх маніторах усіх станцыяў.

Размяшчэннем такой рэкламы займаецца «БелРосРеклама». Ці карыстаецца паслуга попытам? «У першы час метро-віншаванне было надзвычай папулярнае, цяпер – крыху менш. Але кліентаў усё адно шмат. Замаўляюць і ад прадпрыемстваў, а ад людзей. Нашая перавага ў параўнанні з бібліятэкай у тым, што экраны месцяцца па ўсім горадзе, на дзясятках станцыяў», – кажа дыспетчар арганізацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў