Бэрнд Штанге вяртаецца на радзіму з чыстым сумленнем


Пра гэта ён заявіў на развітальнай прэс-канферэнцыі ў Менску 21 лістапада.

Галоўны трэнер беларускай зборнай выказаў падзяку федэрацыі футболу «за карэктнае стаўленне цягам 4,5 гадоў», за падтрыманне і дапамогу. «З вялікаю павагаю я пакідаю вашу краіну і еду дамоў. Я не толькі з’язджаю з цудоўнымі падарункамі, але і пакідаю тут вялікую колькасць сяброў», – адзначыў Штанге.

«Я ведаю, мы расчаравалі фанатаў, і гэта сумна. Але, я думаю, іхнае сэрца засталося адкрытым для футболу, і яны будуць падтрымліваць наступную зборную і наступнага трэнера. На жаль, мы не здолелі выканаць задачы, пастаўленыя федэрацыяй, камандаю, трэнерскім штабам і кожным асобным гульцом, шмат для якіх з іх гэта быў апошні шанец трапіць на вялікі турнір. І з гэтага пункту гледжання я расчараваны», – прызнаўся нямецкі спецыяліст.

У той жа час, на ягоную думку, рух наперад быў, і ўдалося «даць імпульс маладой федэрацыі».

«Уся праца была цяжкая, – адзначыў ён. – Самым складаным было тое, што я вырашаў задачы, звязаныя не толькі з рыхтаваннем нацыянальнай каманды. У вялікіх федэрацыях, як у Нямеччыне, ёсць людзі, адказныя за пытанні, якімі тут займаўся я. Калі б у нашай [беларускай] федэрацыі было больш людзей, у мяне было б больш часу на наведванне футбольных клубаў і працу з трэнерскімі штабамі».

На пытанне, ці не адчуваў ён нейкіх варожых праяваў да сябе як немца ў звязку з падзеямі Другой сусветнай вайны ў Беларусі, Штанге адказаў, што не было ніводнага такога выпадку. «Мяне прымалі з павагаю», – адзначыў ён, але прызнаўся, што хваляваўся наконт гэтага спачатку, калі падпісваў дамову з беларускаю федэрацыяй.

Паводле Штанге, у Беларусі шмат маладых таленавітых трэнераў, і справа федэрацыі – вырашыць, хто будзе ўзначальваць зборную. «Адзінае, вам патрэбны трэнер з харызмай і агнём, які верыць, што можна дабіцца амаль немагчымага, – лічыць ён. – Іспанія і Францыя [супернікі беларускай зборнай у кваліфікацыі чэмпіянату свету 2014 года – БелаПАН) – гэта амаль немагчымае, але патрэбныя людзі з харызмаю, якія паспрабуюць гэтага дабіцца, з новай энергіяй і сілаю».

У сваю чаргу кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу Сяргей Румас ацаніў працу Бэрнда Штанге як «неадназначную». З пункту гледжання выхаду за два гады ў плэй-оф чэмпіянату свету або Еўропы, а менавіта такая задача спачатку стаяла перад Штанге, трэнер не апраўдаў надзеяў федэрацыі. Аднак Сяргей Румас адзначыў і станоўчыя бакі ягонай працы.

«Менавіта пры Бэрнду Штанге беларуская нацыянальная зборная займала 36-е месца ў рэйтынгу ФІФА, а прафесійная падрыхтаванасць нашых трэнераў узнялася на такі ўзровень, што шмат хто з іх сёння мае ліцэнзіі «А» і «Pro», – падкрэсліў чыноўнік.

belsat.eu

Стужка навінаў