Кіраўніцтва калоніі вырашыла, што Бандарэнка не выпраўляецца


Пра гэта палітвязень паспеў паведаміць жонцы падчас тэлефоннай размовы, якая замест пятнаццаці хвілінаў доўжылася ўсяго тры.

«Дзіма распавёў, што з медсанчасткі яго перавялі ў атрад яшчэ 11 лістапада. Атрымалася, што мяне падманулі, калі запэўнівалі, што пад наглядам медыкаў ён правядзе два тыдні. І гэта пры тым, што ў Дзімы з пачаткам халадоў пайшло абвастрэнне – зноўку з’явіліся болі ў спіне, амаль не слухаецца нага», – распавяла Вольга Бандарэнка.

Паводле жонкі палітвязня, з размовы яна зразумела, што ўвогуле стаўленне да палітзняволенага значна пагоршылася і «стала падобным на тое, што было ў СІЗА КДБ». «Раней, пасля пад’ёму яму дазвалялі рабіць лежачы спецыяльныя фізічныя практыкаванні, цяпер гэта забаронена. Дзіма разам з усімі вымушаны 1,5 гадзіны стаяць на праверцы, хоць лекары забаранілі яму гэта», – гаворыць спадарыня Вольга. Яе вельмі хвалюе, што яна не паспела высветліць, ці дазваляюць мужу карыстацца мыліцай, бо, паводле яе, ужо пасля дзвюх хвілінаў гутаркі ахоўнік пачаў крычаць, каб заканчвалі размову.

Вольга Бандарэнка распавядае, што ліставанне з мужам таксама амаль спынілася – з пяці лістоў добра калі даходзіць хоць адзін. Турэмная цэнзура прапускае да вязня толькі лісты ад сваякоў. На мінулым тыдні збіралася адмысловая камісія, якая вырашыла, што палітвязень на шлях выпраўлення не стаў, таму не варты ўмоўна датэрміновага вызвалення.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка за ўдзел у Плошчы асуджаны на два гады пазбаўлення волі. Пакаранне вязень адбывае ў Магілёўскай калоніі № 15. Падчас знаходжання ў СІЗА КДБ у яго пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, вынікам якіх была аперацыя на хрыбетніку. З-за немагчымасці выконваць патрэбныя для рэабілітацыі рэкамендацыі медыкаў, Дзмітрыю Бандарэнку пагражае інваліднасць.

belsat.eu

Стужка навінаў