Мінздраў патрабуе, каб фармацэўты стрымлівалі рост коштаў на лекі


Коштам безнэсмэнаў урад падтрымлівае насельніцтва ў перыяд эпідэміяў.

Паводле міністра аховы здароўя Васіля Жарко, “адмоўнае меркаванне аб працы прыватных аптэк узмацняе сацыяльную напружанасць у грамадстве”. Ён кажа, што людзі пішуць скаргі, а паколькі лекі – гэта “ сацыяльна значны тавар” і таму міністэрства “проста абавязанае паспачуваць нашым людзям і падтрымаць іх”.

Спадар Жарко паабяцаў насельніцтву, што лекі падчас вірусных эпідэмій даражэць не будуць. Ён патрабуе ад фармакалагічных кампаніяў стрымліваць рост коштаў, хоць яны канстатуюць страты.

Як паведаміў прадстаўнік кампаніі “Іскамед”, палітыка Мінздрава прывяла да таго, што ў 2010 г. рост коштаў на лекі быў ніжэйшым за ўсталяваны ўрадам індэкс цэн і за 10 месяцаў 2010 года крыху перавысіў 4% да таго ж перыяду мінулага году.

“У такіх умовах асабліва складана развіваць сетку у рэгіёнах. За апошні год у краіне перасталі працаваць 150 аптэк. Бізнэс не ідзе наперад, а ўвесь час падлічвае страты. Штучна стрымліваць кошты на лекі ўвесь сезон вірусных захворванняў мы не зможам”, – адзначыў суразмоўца.

Дарэчы, кошты на лекі ў Беларусі ніжэйшыя, чым у суседзяў. Сярэдні кошт імпартных лекаў у Расеі – $5,5, ва Украіне – $4,8, у Беларусі ён складае $3,3.

belsat.eu

Стужка навінаў