Напярэдадні зімы падаражалі лекі


Рэч не толькі ў сезоннасці. Паўплываў таксама разлік у валюце паводле новага курсу.

Як патлумачыла галоўны пазаштатны правізар Менгарвыканкаму Ірына Ліцкевіч, падаражанне найперш закранула прэпараты, якія набываюць за валюту за мяжою: «Кошт на лекі пералічылі паводле новага курсу Нацбанку ад 1 лістапада. То бок па старым кошце застануцца прэпараты толькі з тых партыяў, якія былі завезеныя ў мінулым месяцы. Да таго ж супрацьвірусныя прэпараты, а таксама антыбіётыкі традыцыйна растуць напярэдадні зімы, калі абвастраюцца захворванні, штогод. Гэта найперш пазіцыя фармакалагічных прадпрыемстваў».

Варта адзначыць, што імпартныя прэпараты ў нашай аптэчнай сетцы складаюць 45–47 %, астатнія – айчыннай вытворчасці. Але кошты будуць расці і на іх, бо пры вырабе гэтых лекаў доля імпарту складае 60–65 %.

У канцы кастрычніка віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік казаў: «У Беларусі створаны дастаткова сур’ёзны запас лекаў. Думаю, што на месяца паўтара-два іх хопіць». Далей гарантаваць нізкіх коштаў на лекі не бяруцца нават улады.

«Белсат» параўнаў кошты на найбольш распаўсюджаныя прэпараты. Гэтак, да падаражання таблеткі «Но-шпа» каштавалі 31 тыс. руб., цяпер – 48 тыс. руб., супрацьпрастудны парашок «Грипоблок» падаражаў з 22 тыс. да 34 тыс. руб., «Антигриппин» цяпер каштуе 40 тыс. руб. (раней – 26 тыс. руб.).

belsat.eu

Стужка навінаў