Рэдактару «Звязды» сказалі, што ён «разняволіўся»


Уладзімір Наркевіч звольнены з пасады галоўнага рэдактара дзяржаўнай газеты, дзе працаваў апошнія 22 гады. Да выхаду на пенсію яму заставалася сем месяцаў.

На ягонае месца Лукашэнка сёння прызначыў Алеся Карлюкевіча, які дагэтуль узначальваў рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Літаратура і мастацтва” і быў рэдактарам аднайменнай газеты.

Як паведамілі “Белсату” калегі Уладзіміра Наркевіча, ягоны сыход з пасады стаў нечаканасцю для калектыву. Апошнія два гады хадзілі чуткі, што яму не працягнуць кантракту, што адзіную беларускамоўную грамадска-палітычную газету аб’яднаюць з “Рэспублікаю” ці “Народнаю газетаю”, аднак рашэнне адкладалася.

“Наколькі нам вядома, на нарадзе рэдактару сказалі, што ён “разняволіўся”, газета не дае правільнага ідэалагічнага асвятлення падзеяў, – паведаміў адзін з працаўнікоў выдання. – Рэч у тым, што спадар Наркевіч сапраўды стараўся трымаць баланс паміж рэчаіснасцю і тым, што навязваецца Адміністрацыяй прэзідэнта. Менавіта таму ў “Звяздзе” выходзілі крытычныя матэрыялы і расследаванні, якія паказвалі недапрацоўкі чыноўнікаў у розных сферах”.

Спачатку з’явілася інфармацыя, што “Звязду” ачоліць рэдактар “Беларускай думкі” і саманазваны палітолаг Вадзім Гігін, аднак на пасаду ўсё ж прызначылі Алеся Карлюкевіча. Вядома, што ён скончыў факультэт журналістыкі Вайсковага інстытуту ў Львове, а таксама быў апошнім рэдактарам “Чырвонай змены” – газеты, якая цяпер выходзіць дадаткам да “Звязды”.

Журналісты газеты “Літаратура і мастацтва” пра кадравыя змены даведаліся з інтэрнэту – кіраўніцтва не праводзіла ніякай нарады. На гэтую навіну там адрэагавалі адмоўна – для выданняў холдынгу прыйшлі цяжкія часы: скарачаюцца наклады, ганарары, некаторыя асобныя выданні цяпер выдаюцца толькі як дадатак – напрыклад, дзіцячы часопіс “Бярозка”. “Выдавецкая дзейнасць трымалася коштам асабістых сувязяў і здольнасцяў спадара Карлюкевіча, – кажуць калегі. – Што будзе цяпер – невядома, бо дзяржаўныя датацыі ад Міністэрства інфармацыі скарачаюцца”.

belsat.eu

Стужка навінаў