Андрэй Фёдараў: Украіна можа адмовіцца ад варыянту «Адэса–Броды»


Палітолаг не выключае, што Расея націсне на Украіну ў нафтавым пытанні.

Найбліжэйшымі днямі адбудзецца пробнае перапампоўванне 80 т венесуэльскай нафты трубаправодам «Адэса–Броды» на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Раней сыравіна з украінскіх партоў у Беларусь дастаўлялася чыгункаю.

Паводле палітолага Андрэя Фёдарава, транспартаванне праз трубаправод будзе таннейшае прыкладна на 25–30 долараў за тону. Энергетычную незалежнасць ад Расеі як гарантыю незалежнасці палітычнай дэпутаты парламенцкай фракцыі БНФ абмяркоўвалі яшчэ ў 1991 г.

Таму былы дэпутат, эксперт у энергетыцы Станіслаў Гусак, называе пастаўку нафты па трубаправодзе «Адэса–Броды» ў Мазыр не інакш як «рэвалюцыяй на рынку міжмор’я, Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну».

Ён кажа, што такая падзея ў справе паляпшэння паставак паліва ў рэгіён адбылася ўпершыню: «Быў праект аб’яднаць тэрмінал пад Адэсай і ў Вентспілсе (Латвія) праз існыя нафтаправоды, праклаўшы дадаткова каля 260 км. Тады Беларусь атрымала б выйсце да двух мораў. У такой сітуацыі манаполіі Расеі ўжо даўно не было б. Мяркую, наша краіна зусім па-іншаму развівалася б».

Цяпер тэарэтычна Беларусь зможа атрымліваць нафту і з Азербайджану, Казахстану, а праз Турцыю – і з арабскіх краінаў. А таму Андрэй Фёдараў не выключае, што Расея паспрабуе прыціснуць Украіну, каб яна адмовілася ад гэтага варыянту.

belsat.eu

Стужка навінаў