Ніна Баршчэўская ў “Гарачым каментары”


Адзіная беларускамоўная газета для школьнікаў “Раніца” выходзіла ў свет 82 гады. З гэтага месяца – спыніла сваю працу. У выдавецтве гэта тлумачаць фінансавым крызісам, аднак, нягледзячы на гэта, шэраг расейскамоўных выданняў друкуецца надалей.

Доктар філалагічных навук Ніна Баршчэўская лічыць, што закрыццё газеты, якая карысталася вялікаю папулярнасцю, упісваецца ў моўную палітыку дзяржавы.

“Мы павінны памятаць пра тое, што мова – не толькі сродак зносінаў, але мова – гэта нацыянальная каштоўнасць, гэта тое, што нам засталося ў спадчыну ад продкаў, дык знішчаць родную мову – гэта значыць падрэзваць карані пад нацыяй цэлай”, – зазначыла адмысловец.

Спадарыня Баршчэўская мяркуе, што калі не зменіцца моўная палітыка, то будзе пашырацца тэндэнцыя спаду навучання на беларускай мове. “У Беларусі, на жаль, гэтак атрымліваецца, што прыклад ідзе зверху. Калі людзі бачаць, што беларуская мова непатрэбная, кіраўнік не размаўляе па-беларуску, дык тады не карыстаюцца гэтаю моваю”.

Беларуская мова не дазваляе ўніфікаваць беларусаў і расейцаў. Знішчаць мову – гэта значыць спрыяць асіміляцыі.Услед за пераходам на расейскую мову можа з’явіцца адмоўнае стаўленне да беларускай нацыі. “Улады могуць баяцца свядомай нацыі, бо лягчэй кіраваць людзьмі, якія не да канца сфармаваныя”, – кажа доктар Баршчэўская. На ейную думку, галоўная перашкода – адсутнасць адпаведнай моўнай палітыкі ды адпаведных правілаў, якія б адпавядалі нацыянальнаму духу беларусаў.

belsat.eu

Стужка навінаў