Мінюст “зацвердзіў” раскол у шэрагах сацыял-дэмакратаў


Улады прызналі нелегітымным кастрычніцкі з’езд БСДП (Грамада).

Міністэрства юстыцыі Беларусі абвесціла з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), што прайшоў 10 кастрычніка, нелегітымным. Рашэнні, прынятыя на ім, не маюць юрыдычнай моцы.

На сайце міністэрства чытаем: “Акрамя таго, абранне на XIII з’ездзе Сідарэвіча А. М., які раней выйшаў з БСДП(Г), кіраўніком гэтай партыі супярэчыць Закону Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” і статуту БСДП(Г)”. Такім чынам, Міністэрства юстыцыі фактычна стала на бок былога старшыні, Анатоля Ляўковіча, які таксама называе з’езд нелегітымным.

На думку аналітыка Аляксандра Класкоўскага, тое, што адбываецца сярод сацыял-дэмакратаў, ілюструе стан усёй беларускай апазіцыі: “Галоўная хвароба беларускай апазіцыі – гэта раздзярбаненасць. У сацыял-дэмакратычным асяроддзі гэта праяўляецца найбольш яскрава”.

Аналітык узгадвае, што ахвярай унутрыпартыйных разборак у свой час стаў вядомы палітык, сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч. Пасля таго, як ён адышоў з БСДП(Г), партыя раскалолася. Класкоўскі не выключае, што тое самае можа адбыцца і цяпер.

Але новыя групоўкі наўрад ці змогуць “легалізавацца на беларускім палітычным полі”, мяркуе аналітык. Ён нагадвае, што цягам больш як 10 гадоў у краіне не зарэгістравалі аніводнай палітычнай структуры.

belsat.eu

Стужка навінаў