Людміла Гразнова: беларусы баяцца дэвальвацыі


Болей як у 5 разоў павялічылася ў кастрычніку чыстая купля насельніцтвам валюты ў параўнанні з вераснем.

Як падае Нацбанк, беларусы набылі за месяц 317,2 млн долараў наяўным і безнаяўным шляхам. “Насельніцтва напалоханае магчымаю дэвальвацыяй беларускага рубля”, – тлумачыць кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова.

Пярэпалаху дадалі і ўчорашнія заявы прэзідэнта Беларусі, лічыць эканаміст. Падчас наведвання Барысава Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “дэвальвацыі не плануецца”. І папярэдзіў барысаўлян, каб яны былі “асцярожнымі з гэтым доларам”, бо яго курс найбліжэйшым часам можа ўпасці.

“Падобныя заявы гучалі і напрыканцы 2009 года, а ўжо праз некалькі дзён рубель абясцэніўся амаль на 21%”, – нагадвае Людміла Гразнова.

Дарэчы, паводле звестак Нацыянальнага банку, беларусы не любяць захоўваць ашчаджэнняў у банку, аддаючы перавагу гатоўцы. Чысты попыт на наяўныя ў кастрычніку склаў 253 млн долараў. Гэта ў 11 разоў больш, чым у верасні.

belsat.eu

Стужка навінаў