Дзмітрый Вус прасіць аб памілаванні не збіраецца


Жонка палітвязня атрымала магчымасць пабачыцца з мужам.

Зазвычай доўгатэрміновае спатканне ў турме доўжыцца тры дні. Аднак Яўгенія Вус прабыла з мужам толькі содзень – кіраўніцтва калоніі скараціла спатканне за тое, што вязень адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Яго пакаралі і за тое, што не стаў падпісваць стандартнай паперы з абяцаннем стаць на шлях выпраўлення. “У Дзімы не той характар, каб прасіць літасці. Ён мне сказаў, што лепш адбудзе ўвесь тэрмін, чым падпіша гэтыя паперы”, – распавяла “Белсату” па выхадзе з калоніі Яўгенія Вус.

Што да стаўлення турэмнай адміністрацыі да палітвязня, то яно, са словаў Дзмітрыя Вуса, “цяпер роўнае”. Але раней былі правакацыі: “Да Дзімы падсылалі, як ён гаворыць “шасцёрак”, якія імкнуліся справакаваць яго на дробныя сваркі, а працаўнікі калоніі пры гэтым назіралі за ягонаю рэакцыяй”.

На спатканне з жонкаю Дзмітрый Вус прыйшоў прастуджаны: “Там вельмі холадна, а ацяплення не ўключаюць. Вязням выдалі адну танюткую коўдру кожнаму – яшчэ адной, гавораць, не паложана. Таму яны дадаткова накрываюцца хто чым можа – курткамі, ручнікамі”. Спадарыня Вус гаворыць, што муж таксама скардзіўся на харчаванне. Вязняў звычайна кормяць кашамі з сечанай крупы. Зрэдку даюць рыбу, есці якой немагчыма, бо яе вараную пракручваюць праз мясарубку разам з косткамі. “Я цікавілася ў начальніка калоніі, чаму ў турэмнай краме няма садавіны, агародніны. Яны мне адказваюць, што такія прадукты трэба замаўляць загадзя, кожны дзень прывозіць іх не будуць”, – гаворыць спадарыня Яўгенія.

Як распавёў жонцы Дзмітрый Вус, праз тое, што ён мае трэцюю групу інваліднасці, кіраўніцтва калоніі накіравала яго на “лёгкую” працу – плесці гамакі. За кожны гамак вязню плацяць 1300 рублёў. “Дзіма гаворыць, што сплёў ужо два. Але ж я ведаю, што для яго і гэтая праца не лёгкая, бо пасля хваробы ў мужа парушаная маторыка рук”, – гаворыць спадарыня Яўгенія.

Кандыдат на прэзідэнта Дзмітрый Вус быў асуджаны на пяць з паловаю гадоў турмы ў справе 19 снежня. Пакаранне вязень адбывае ў Магілёўскай калоніі. Пісаць яму можна на адрас: 213105, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна, ПК № 15.

belsat.eu

Стужка навінаў