Беларусь удзельнічае ў вучэннях НАТО


Гэтымі днямі нашыя выратавальнікі праходзяць трэнінг у Малдове.

Як паведамляе прэсавая служба амбасады Малдовы, прадстаўнічая дэлегацыя Беларусі на чале з начальнікам кіраўніцтва аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацыяў Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі, палкоўнікам Яўгенам Тачылавым прыбыла ў Кішынэў. Да 2 верасня ў вучэннях возьмуць удзел больш за тысячу грамадзянскіх і вайсковых спецыялістаў у надзвычайных сітуацыях з больш як 30 краінаў-чальцоў НАТО і краінаў-партнёраў Паўночнаатлантычнага альянсу.

Незалежныя эксперты сцвярджаюць, што на сёння адносіны Беларусі ды НАТО развіваюцца хуткімі тэмпамі на тэхнічным узроўні. У той жа час дзяржаўныя беларускія медыі па-ранейшаму пазіцыянуюць НАТО ў якасці асноўнага вонкавага ворага. “У 1992 годзе з ініцыятывы НАТО далі старт праграме “Партнёрства дзеля міру”, і Беларусь стала яе ўдзельніцаю. У межах праграмы зрабілі захады дзеля скарачэння ўзбраення і знішчэння супрацьпяхотных мінаў. Але гэтым супраца Беларусі ды НАТО не абмяжоўваецца: паўстала спецыяльная рота для ўдзелу ў міратворчых аперацыях, праводзяцца моўныя курсы для беларускіх афіцэраў”, – гаворыць палітолаг Дзяніс Мельянцоў. Дарэчы, адною з перашкодаў для паўнавартаснай супрацы эксперт лічыць слабы ўзровень валодання англійскаю моваю сярод афіцэрскага складу УС РБ. Сёлета распрацавалі адмысловую праграму супрацы Беларусі ды НАТО.

Былы міністр абароны Павел Казлоўскі не прыхільнік уваходжання Беларусі ў Паўночнаатлантычны звяз, аднак лічыць, што супраца і абмен досведам могуць быць карысныя. “У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь азначана: мы будуем бяз’ядравую і нейтральную дзяржаву, гэтага прынцыпу і трэба трымацца, з’яўляючыся мостам паміж Захадам і Усходам”.

belsat.eu

Стужка навінаў